Мінск 21:48

Лукашэнка разлічвае на “актывізацыю ўсебаковага ўзаемадзеяння” з Грузіяй

Тбілісі
Фота: "Позірк"

26 траўня, Позірк. На “актывізацыю ўсебаковага ўзаемадзеяння” Беларусі з Грузіяй, у тым ліку “ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і культурнай сферах” разлічвае Аляксандр Лукашэнка.

Пра свае чаканні палітык заявіў, віншуючы 26 траўня прэзідэнта гэтай краіны Міхаіла Кавелашвілі з Днём Незалежнасці.

На думку віншавальніка, гэтае свята “ўвасабляе стойкасць і нацыянальнае адзінства грузінскага народа”.

“Перакананы, Грузія працягне рухацца шляхам устойлівага развіцця, умацавання дзяржаўных інстытутаў і паляпшэння дабрабыту грамадзян, што ў сваю чаргу будзе садзейнічаць паступальнаму прагрэсу краіны і падвышэнню яе аўтарытэту на міжнароднай арэне”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба Лукашэнкі.

У апошнія гады Мінск імкнецца развіваць стасункі з Тбілісі і, мяркуючы па ўсім, гэта ўзаемна. З дэмакратычнымі сіламі Беларусі Грузія фактычна не супрацоўнічае.

Кавелашвілі дэ-факта з’яўляецца дзейным — шостым — прэзідэнтам Грузіі. Яго папярэдніца Саламэ Зурабішвілі і апазіцыя ў цэлым не прызнаюць Кавелашвілі легітымным кіраўніком дзяржавы. Вядомага ў мінулым футбаліста, чэмпіёна Расіі, увосені 2024 года абраў парламент, куды адмовіліся ўваходзіць апазіцыйныя партыі — яны лічаць, што апошнія парламенцкія выбары былі сфальсіфікаваныя на карысць “Грузінскай мары” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі.

Грузія стала адной з асноўных краін знаходжання беларусаў, якія ўцяклі ад пераследу рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе і пазней. Аднак ужо трэці год працягваецца адток з краіны новай беларускай дыяспары, у тым ліку праз міграцыйную палітыку мясцовых уладаў — тыя не далі прытулку нікому з заяўнікоў, фіксаваліся выпадкі адмовы ва ўездзе актывістам пасля “візарана” — абнуленні тэрміну знаходжання (у краіне можна бесперапынна знаходзіцца да года).

Беларусы, якія пераследуюцца з палітычных матываў, асабліва тыя, у каго заканчваецца тэрмін дзеяння нацыянальнага пашпарта (з верасня 2023 года пасля ўказа Аляксандра Лукашэнкі яго нельга памяняць у замежустановах Беларусі), пераязджаюць з Грузіі ў Еўрасаюз і атрымліваюць абарону там.

У 2025 годзе грузінскія ўлады пастрожылі міграцыйнае заканадаўства — пасля таго як у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў-2024 і згортвання курсу на збліжэнне з Еўрасаюзам узялі ўдзел замежнікі, перш за ўсё грамадзяне Расіі. Падчас аднаго з разгонаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі.

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі пачаў бесперапынныя рэйды па выяўленні нелегалаў, у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле звестак Позірку, заходзілі таксама. Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспар паведамлялі пра выправаджэнне замежнікаў на падставе надуманых прычын.

Падзяліцца: