Мінск 16:18

У гадавіну стварэння памежнай аховы РСФСР Лукашэнка заявіў пра высокі прафесіяналізм беларускіх памежнікаў

28 траўня, Позірк. Беларускія памежнікі, “абапіраючыся на традыцыі і досвед ветэранаў, умела ўжываюць найноўшыя тэхналогіі ў сферы бяспекі, надзейна процідзейнічаюць усім спробам дэстабілізаваць сітуацыю на межах Рэспублікі Беларусь“. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі віншаванні палітыка з Днём пагранічніка, які адзначаецца 28 траўня.

Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць, што кожны з прадстаўнікоў “высокапрафесійнай памежнай службы“ Беларусі “і надалей будзе рабіць усё магчымае, каб захаваць мір на роднай зямлі, рашуча спыняць любыя замахі на незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Айчыны“.

Ужо некалькі гадоў Лукашэнка, які сам у свой час праходзіў вайсковую службу ў памежных войсках, нязменна кажа пра высокі прафесіяналізм памежнікаў на фоне міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з краінамі ЕС, які працягваецца з вясны 2021 года.

Пры гэтым, як вынікае з заяваў самога Лукашэнкі, фактычна пры яго ж папушчальніцтве беларуская памежная служба фактычна не робіць ніякіх крокаў для развязання гэтага крызісу. Палітык неаднаразова заяўляў, што памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта “паклікалі“, а сам ЕС “душыць“ Мінск санкцыямі.

Гэта прывяло ў тым ліку да ўвядзення новых санкцый Еўрапейскага Саюза, пагаршэння адносін Беларусі з суседнімі краінамі.

Пры гэтым прадстаўнікі беларускай памежнай службы не раз абвінавачвалі калегаў з суседніх краін у “жорсткім абыходжанні з уцекачамі“, не згадваючы таго факту, якім чынам нелегальныя мігранты траплялі на тэрыторыю гэтых дзяржаў.

У прыватнасці, беларускія памежнікі не тлумачаць, чаму на межах Беларусі і краін ЕС з’яўляюцца тунэлі, якія, у прыватнасці, паводле заявы Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, “рыюцца відавочна не без ведама беларускіх службовых асоб“.

Акрамя таго, беларускі бок рэгулярна ў спачувальным тоне паведамляе аб гібелі жывёл, якія не могуць пераадолець узведзеныя краінамі ЕС бар’еры, апускаючы прычыны, з якіх гэтыя бар’еры былі ўзведзеныя.

Святкаванне Дня пагранічніка 28 траўня было ўстаноўленае ў СССР у 1958 годзе і прымеркаванае да 40-годдзя падпісання дэкрэта Савета народных камісараў, які заснаваў памежную ахову мяжы РСФСР.

Уласна беларуская пагранслужба дзейнічае з 20 верасня 1991 года, калі Памежныя войскі КДБ СССР, якія знаходзіліся на тэрыторыі рэспублікі, былі падпарадкаваныя Савету міністраў. 15 студзеня 1992 года Вярхоўны Савет Беларусі стварыў Галоўнае ўпраўленне пагранічных войскаў пры Савеце міністраў (з 11 студзеня 1997 года Дзяржаўны пагранічны камітэт).

Падзяліцца: