Мінск 16:18

Кіраўнікі чыгунак Беларусі і Грузіі абмеркавалі дастаўку грузаў і закупкі прадукцыі

27 траўня, Позірк. Аб рабочай сустрэчы начальніка Беларускай чыгункі Валерыя Вярэніча з генеральным дырэктарам Грузінскай чыгункі Лашай Абашыдзэ ў Мінску паведаміла прэс-служба БЧ 27 траўня.

Бакі абмеркавалі “шэраг актуальных пытанняў, у тым ліку ў транспартна-лагістычнай сферы па дастаўцы грузаў у спалучэнні Беларусь — Грузія — Беларусь і фармаванні канкурэнтаздольных тарыфных умоў”.

Паведамляецца пра гатоўнасць “набыцця грузінскім бокам прадукцыі чыгуначнага прызначэння” ў Беларусі, у тым ліку “шырокай наменклатуры грузавых вагонаў вытворчасці СЗАТ “Магілёўскі вагонабудаўнічы завод” і ЗАТ “Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання”.

26 траўня Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Грузіі Міхаіла Кавелашвілі з Днём незалежнасці, выказаў надзею на “актывізацыю ўсебаковага ўзаемадзеяння” Беларусі з Грузіяй, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і культурнай сферах.

У апошнія гады Мінск імкнецца развіваць стасункі з Тбілісі і, мяркуючы па ўсім, гэта ўзаемна. З дэмакратычнымі сіламі Беларусі Грузія фактычна не супрацоўнічае. Увосень 2022 года Лукашэнка наведаў Абхазію — рэгіён Грузіі, які лічыць сябе незалежнай дзяржавай (прызнаецца Расіяй). Тбілісі выказаў пратэст, аднак далей за славесную рыторыку справа не пайшла. У лютым 2023 года Лукашэнка прыняў у Мінску кіраўніка самаабвешчанай Абхазіі Аслана Бжанію. Грузія таксама абмежавалася вербальным пратэстам.

Кавелашвілі дэ-факта з’яўляецца дзеючым — шостым — прэзідэнтам Грузіі. Яго папярэдніца Саламе Зурабішвілі і апазіцыя агулам не прызнаюць Кавелашвілі легітымным кіраўніком дзяржавы. Вядомага ў мінулым футбаліста, чэмпіёна Расіі, восенню 2024 года абраў парламент, куды адмовіліся ўваходзіць апазіцыйныя партыі — яны мяркуюць, што апошнія парламенцкія выбары былі сфальсіфікаваныя на карысць партыі “Грузінская мара“ прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі.

Грузія стала адной з асноўных краін знаходжання беларусаў, якія збеглі ад пераследу рэжымам Лукашэнкі ў 2020 годзе і пазней. Аднак ужо трэці год працягваецца адток з краіны новай беларускай дыяспары, у тым ліку з-за міграцыйнай палітыкі мясцовых уладаў — тыя не далі прытулак нікому з тых, хто звярнуўся, фіксаваліся выпадкі адмовы ва ўездзе актывістам пасля “візарану“ — абнулення тэрміну знаходжання (у краіне можна бесперапынна знаходзіцца да года).

Беларусы, якія пераследуюцца з палітычных матываў, асабліва тыя, у каго заканчваецца тэрмін дзеяння нацыянальнага пашпарта (з верасня 2023 года пасля адпаведнага ўказа яго нельга памяняць у замежных установах Беларусі), пераязджаюць з Грузіі ў Еўрасаюз і атрымліваюць абарону там.

У 2025 годзе грузінскія ўлады зрабілі больш жорсткім міграцыйнае заканадаўства — пасля таго як у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў-2024 і згортвання курсу на збліжэнне з Еўрасаюзам ўзялі ўдзел замежнікі, найперш грамадзяне Расіі. Падчас аднаго з разгонаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі.

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі пачаў бесперапынныя рэйды па выяўленні нелегалаў, у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле звестак “Позірку“, таксама прыходзілі. Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспар паведамлялі аб выдварэнні замежнікаў з надуманых падставаў.

Падзяліцца: