Мінск 19:51

На сустрэчы з апазіцыянерам з Малдовы Лукашэнка заклікаў аднавіць працу камісіі па супрацы

Аляксандр Лукашэнка і Ігар Дадон
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

26 траўня, Позірк. Аднавіць працу міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы заклікаў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 26 траўня ў Мінску былога прэзідэнта Малдовы, старшыню апазіцыйнай Партыі сацыялістаў Ігара Дадона.

“Трэба рухацца наперад і шукаць новыя пункты судотыку”, — абгрунтаваў ён сваю пазіцыю.

Лукашэнка, паводле інфармацыі яго прэс-службы, прапанаваў апазіцыянеру з Малдовы, краіны са статусам кандыдата на ўступленне ў ЕС, абмеркаваць тэматыку Еўразійскага эканамічнага саюза.

“Маецца пра што паразмаўляць. Вельмі важна, што гэта сёння. Бо акурат у нас днямі [адбудзецца] саміт ЕАЭС. Гэта эканамічнае ядро ​​нашай садружнасці. І вельмі важна пачуць твае словы, тваю думку, якую я, вядома ж, давяду да кіраўнікоў дзяржаў, з якімі буду сустракацца”, — паабяцаў ён суразмоўцу.

Лукашэнка выказаў меркаванне, што малдаване маюць жыць “як ганарлівы і незалежны народ”. Спікер заклікаў Дадона і яго паплечнікаў, каб яны “ні ў якім разе не дапусцілі знішчэння такой квітнеючай, прыгожай, хай невялікай у памерах, краіны, як Малдова”.

“Мы вельмі часта апошнім часам чуем з розных крыніц пра тое, што Малдова гатовая стаць ледзь не часткай іншай дзяржавы. Вядома, шчыра скажу, я як наогул чалавек закаханы ў вашу краіну, ты гэта добра ведаеш, з жахам гэта чую і ўспрымаю”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі на сайце амбасады Беларусі ў Малдове, апошняе, 19-е пасяджэнне міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы праведзенае ў Кішынёве 7 чэрвеня 2018 года, то бок падчас прэзідэнцкага тэрміна Дадона.

Там жа паведамляецца, што ў 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў 176,1 млн долараў. Экспарт беларускіх тавараў у Малдову склаў 98,3 млн, а імпарт малдаўскіх тавараў у Беларусь — 77,8 млн.

Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў Малдову ў 2024 годзе сталі бульба, сыры і тварог, лекавыя сродкі, мяккія дахавыя матэрыялы, трактары, сродкі для валасоў, гарсэтныя вырабы, пліты, лісты, плёнка з пластмас, гатовая або кансерваваная рыба, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.

Аснову імпарту тавараў з Малдовы склалі віны вінаградныя натуральныя, моцныя спіртныя напоі, свежая садавіна і агародніна, кукуруза, вінаград, яблыкі, грушы і айва, прыборы і прылады для аўтаматычнага рэгулявання і кіравання, лекавыя сродкі, тара, садавіна сушаная.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская наведвала Малдову ў кастрычніку 2023 года на запрашэнне дзейнага прэзідэнта краіны Маі Санду.

5 верасня 2025 года даверчыя граматы Санду ўручыў амбасадар Беларусі Ігар Бубен.

Прыкладна праз месяц, 2 кастрычніка, Ціханоўская і Санду пагутарылі на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене.

Падзяліцца: