Мінск 15:42

У рамках візіту Турчына ў Кыргызстан падпісана дакументаў на суму звыш 5 млн долараў

Відэа: прэс-служба Савета міністраў / стоп-кадр: "Позірк"

5 чэрвеня, Позірк. У рамках візіту прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына ў Кыргызстан падпісана кантрактаў і пагадненняў на суму звыш 5 млн долараў, паведамляе прэс-служба ўрада.

Чаго менавіта тычацца гэтыя дамоўленасці, не ўдакладняецца.

Беларуская дэлегацыя наведвала гэтую цэнтральнаазіяцкую дзяржаву 4–5 чэрвеня. Турчын правёў шэраг сустрэч на розным узроўні.

На аўдыенцыі ў прэзідэнта Садыра Жапарава кіраўнік урада Беларусі назваў Кыргызстан “надзейным сябрам, правераным часам саюзнікам і важным гандлёвым партнёрам”.

Беларускі госць узгадаў супрацу па лініях СНД, ЕАЭС і ШАС. Гэта, паводле яго слоў, “садзейнічае падтрыманню пазітыўнай дынамікі двухбаковага дыялогу на найвышэйшым і высокім узроўнях”.

Бакі адзначылі, што перад краінамі пастаўленая “амбіцыйная мэта” — давесці ўзаемны тавараабарот да 2030 года да 500 млн долараў.

“Для пераходу на новы ўзровень, патрабуюцца інавацыйныя падыходы і пошук новых пунктаў росту. Ключавую ролю ў якасным росце маюць адыграць праекты прамысловай кааперацыі і развіццё высокатэхналагічных вытворчасцей”, — адзначыла прэс-служба ўрада.

Беларускі бок, як заяўлена, “гатовы да далейшага пашырэння прысутнасці беларускіх тэхналогій у Кыргызстане”.

Падзяліцца: