Мінск 14:52

62-гадовая ўкраінка з чэрвеня 2025 года ўтрымліваецца ў ізалятары на Акрэсціна без прад’яўлення абвінавачванняў — “Вясна”

Фота: старонка ў сацсетках Наталлі Баташавай

7 чэрвеня, Позірк. З чэрвеня 2025 года ў мінскім ізалятары часовага ўтрымання (1-ы зав. Акрэсціна) знаходзіцца 62-гадовая грамадзянка Украіны Наталля Баташава, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

“Жанчыну затрымалі ў Віцебску разам з мужам, лёс якога невядомы дагэтуль. Ужо год Наталлю ўтрымліваюць у невыносных умовах без прад’яўлення абвінавачвання. За кратамі ў жанчыны пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем”, — адзначаюць праваабаронцы.

Са спасылкай на былую сукамерніцу ўкраінкі паведамляецца, што Баташава родам з горада Міргарад (Палтаўская вобласць). Да затрымання працавала бухгалтарам у школе.

“Улетку 2025 года Наталля разам з мужам прыехалі ў Беларусь па справах. Муж Баташавай — беларус, былы вайсковец, які шмат гадоў жыў ва Украіне і там праходзіў службу. Іх затрымалі 23 чэрвеня 2025 года ў Віцебску проста на вуліцы і адразу павезлі ў Мінск. Наталлю змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, а месцазнаходжанне мужа (імя якога, імаверна, Віктар) дагэтуль невядомае”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак праваабаронцаў, жанчыне “не тлумачаць прычыну яе знаходжання за кратамі, не прад’яўляюць абвінавачванне, забараняюць сустрэчу з адвакатам і нават не дазваляюць звязацца з роднымі”. Таксама на яе “аказваюць псіхалагічны ціск, таму жанчына знаходзіцца ў цяжкім псіхалагічным стане”.

“Вядома, што Наталлю змяшчалі ў карцэр”, — удакладняе “Вясна”.

За кратамі ў Баташавай пагоршылася здароўе, аднак у медыцынскай дапамозе ёй не аказваюць — “толькі перыядычна выдаюць таблеткі, якія ёсць у наяўнасці”.

“У траўні гэтага года яна перанесла як мінімум тры цяжкія прыступы тахікардыі, а раніцай у Наталлі здараліся прыступы сур’ёзнага сардэчнага кашлю. Акрамя гэтага, за час зняволення ва ўкраінкі здаралася моцнае запаленне падсківічных лімфатычных вузлоў”, — адзначаюць праваабаронцы.

Паводле іх інфармацыі, ва ўкраінкі канфіскавалі 1.200 долараў “у кошт аплаты за ўтрыманне ў ІЧУ”. Пры гэтым “ёй паабяцалі, што дэпартуюць яе ва Украіну”.

“Наталля спрабавала перадаць вестку, каб патэлефанавалі блізкім у Міргарадзе і паведамілі, дзе яе ўтрымліваюць, бо яе лічылі зніклай. Але пасля гэтага да яе прыйшлі кадэбэшнікі, распытвалі каму і навошта перадавала вестку, і палохалі яе”, — паведаміла праваабаронцам былая сукамерніца Баташавай.

Звяртаецца ўвага, што сваякоў у Беларусі ва ўкраінкі няма, праз гэта “перадачы ніхто не прыносіць — за ўвесь год яна атрымала прыкладна толькі дзве”. Сродкі гігіены і зменную вопратку яна атрымлівае “толькі дзякуючы дапамозе сукамерніц”.

“Камера, у якой знаходзіцца жанчына, прыкладна шэсць на чатыры метры, разлічаная на пяць чалавек. Але часам там знаходзіліся і 12 жанчын, таму спаць даводзілася на падлозе. Разам з Наталляй утрымліваюць і іншых замежнікаў. У тым ліку з ёй некаторы час да дэпартацыі знаходзілася студэнтка-стаматолаг з Ірана Хатэры Хадададзі, якую затрымалі ў Беларусі за каментарыі пра Іран у адным з тэлеграм-каналаў”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Таксама ў камеры знаходзілася “некалькі палітычных арыштантак”.

“У душ двойчы на тыдзень вадзілі толькі замежнікаў, тады як беларускім арыштанткам гэта не дазвалялася”, — адзначаюць праваабаронцы.

“Вясна” заяўляе, што “доўгае ўтрыманне чалавека ў ІЧУ без прад’яўлення абвінавачвання і без доступу да адваката супярэчыць як беларускаму заканадаўству, так і міжнародным стандартам абыходжання з затрыманымі”.

Беспрэцэдэнтныя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі з 2020 года. Масавы пераслед грамадзян Украіны пачаўся пасля расійскага ўварвання ў краіну ў лютым 2022-га. Мінск актыўна падтрымлівае РФ у гэтай вайне — найбуйнейшай у Еўропе пасля Другой сусветнай.

Падзяліцца: