Мінск 13:52

Няшчасны выпадак у шахце “Беларуськалія” — адзін чалавек загінуў, двое траўмавана

Ілюстрацыйнае фота: rusgosnews.com

12 чэрвеня, Позірк. Няшчасны выпадак са смяротным вынікам здарыўся 11 чэрвеня на рудніку 3-га рудаўпраўлення “Беларуськалія” ў Салігорску (Мінская вобласць), паведаміла прэс-служба прадпрыемства.

Адзначаецца, што на глыбіні 620 метраў разбурылася дзвярная салебетонная перамычка, якую ў гэты момант акурат узводзілі.

У выніку быў “смяротна траўмаваны мацавальнік ПУВ і БВР рудніка 1975 г.н., атрымалі траўмы трактарыст участка 1991 г.н. і навучэнец Салігорскага горна-хімічнага каледжа, які праходзіць навучальную практыку на рудніку”. Пацярпелым “аказаная неабходная медыцынская дапамога”.

Прычыны і абставіны няшчаснага выпадку высвятляюцца.

Кіраўніцтва прадпрыемства прынесла “глыбокія спачуванні родным і блізкім загінулага работніка”.

31 кастрычніка 2025 года “Беларуськалій” паведаміў пра ўцечку салянай кіслаты на прадпрыемстве. У выніку разрыву пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты пацярпела маладая жанчына і трое мужчын, яны атрымалі апёкі.

3 лістапада 2023 года на 2-м рудаўпраўленні прадпрыемства пацярпела пяць работнікаў рамонтнай брыгады электраслесараў. У здарэнні быў абвінавачаны 44-гадовы дзяжурны майстар “Беларуськалія”.

30 траўня 2021 года на рудніку “Беларуськалія” загінуў рабочы.

У красавіку 2026 года намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Алег Такун паведаміў, што за апошнія 20 гадоў вытворчы траўматызм у Беларусі скараціўся ў тры разы, смяротны — у два. Паводле яго слоў, у 2025-м зафіксаваны гістарычны мінімум колькасці смяротных выпадкаў на працы — 103.

Паводле даных Мінпрацы, асноўны фактар ​​траўматызму — недапрацоўка наймальніка (недастатковая падрыхтоўка рабочых месц, адсутнасць распрацаваных інструкцый, навучання ды інш.).

Падзяліцца: