Мінск 10:16

Па выніках 2026 года інфляцыя ў Беларусі застанецца “ніжэй за гранічны параметр” — чаканні ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

15 чэрвеня, Позірк. Па выніках 2026 года інфляцыя ў Беларусі застанецца “ніжэй за гранічны параметр” — 7%, чакае Еўразійскі банк развіцця.

У штотыднёвым макраэканамічным аглядзе аналітыкі банка звярнулі ўвагу на тое, што інфляцыя “запаволілася да 4,8% у траўні пасля 5,4% у красавіку” (тут і далей год да года).

“Асноўным фактарам стала зніжэнне тэмпаў росту цэн на прадукты харчавання: да 4,9% г/г з 6,3% г/г месяцам раней, — гаворыцца ў аглядзе. — Шмат у чым гэта звязана са зніжэннем цэн на плодаагароднінную прадукцыю на 7,8% г/г у траўні пасля 3,1% г/г у красавіку. Тэмпы росту цэн на нехарчовыя тавары і паслугі захаваліся блізкімі да ўзроўняў папярэдняга месяца: 2,0% г/г і 8,5% г/г адпаведна”.

“Зніжэнне цэн на плодаагародніну, паводле нашай ацэнкі, часткова звязанае з эфектам высокай базы: у траўні — ліпені 2025 года назіраўся рэзкі рост цэн на гэту катэгорыю тавараў — 13–15% г/г”, — падкрэслілі эксперты.

Раней Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляў, што спажывецкія цэны ў траўні 2026 года павялічыліся на 0,1%. Харчовыя тавары за месяц патаннелі на 0,2%, нехарчовыя падаражэлі на 0,1%, паслугі — на 0,4%.

У параўнанні са снежнем 2025-га рост склаў 2,6%: харчовыя тавары — на 1,5%, нехарчовыя — на 1,4%, паслугі — на 5,9%.

У гадавым вымярэнні (да траўня 2025-га) цэны сталі вышэйшыя на 4,8%: харчовыя тавары — на 4,9%, нехарчовыя — на 2%, паслугі — на 8,5%.

Нацыянальны банк робіць усё неабходнае, каб інфляцыя заставалася ў межах вызначанага на 2026 год паказчыка, і пакуль сітуацыя развіваецца “нават крыху лепш за прагнозы”, заявіў журналістам 4 красавіка ў Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць) старшыня праўлення рэгулятара Раман Галоўчанка.

Чыноўнік канстатаваў, што ў свеце “шмат усялякіх рэчаў адбываецца”, таму “цяжка прадбачыць, як усё будзе” далей, але “ў цэлым пакуль дынаміка пазітыўная”.

“Калі яна замацуецца па выніках першага квартала і нашы апераджальныя інструменты, апераджальныя індыкатары будуць паказваць доўгатэрміновасць гэтай тэндэнцыі, то я не выключаю, што мы разгледзім і пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання, што, адпаведна, пазітыўна адаб’ецца таксама на стаўках на крэдытным і дэпазітным рынку”, — паведаміў кіраўнік рэгулятара. Неўзабаве пасля гэтага было прынятае рашэнне знізіць з 1 чэрвеня стаўку рэфінансавання з 9,75 да 9,25%, не выключаецца магчымасць яшчэ аднаго зніжэння.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год, цэны не меліся вырасці больш як на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы найважнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не меліся вырасці больш як на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (па факце +0,5%), у лютым (з нарастальным вынікам) — не больш за 2% (+1%), сакавіку — 2,5% (+1,6%), красавіку — 3,1% (+2,5%), траўні — 3,4% (+2,6%).

Далей: чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Падзяліцца: