Мінск 18:32

Прызначаны новы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі

Фота: МЗС Вялікабрытаніі

16 чэрвеня, Позірк. Часовым павераным у справах у амбасадзе Вялікабрытаніі ў Мінску замест Дэвіда Уорда прызначаны Уільям Лонгхёрст, паведамляе Міністэрства замежных спраў Злучанага Каралеўства.

Уорд, як адзначаецца, пераходзіць на іншую пасаду ў дыпламатычнай службе. Лонгхёрст уступіць на пасаду ў ліпені 2026 года.

Уорд узначаліў амбасаду Вялікабрытаніі ў Беларусі ў 2024 годзе: у Мінск дыпламат прыбыў у верасні, аднак аб яго прызначэнні на пасаду часовага паверанага публічна было абвешчана толькі 16 кастрычніка — у акаўнтах дыпмісіі ў сацсетках.

Да прыбыцця ў Беларусь Уорд з’яўляўся кіраўніком аддзела гуманітарнай палітыкі і ўзаемадзеяння, мэтавай групы брытанскага знешнепалітычнага ведамства ў Ізраілі/сектары Газа.

Лонгхёрст да 2024 года займаў пасаду намесніка кіраўніка місіі і генеральнага консула ў Швейцарыі і Ліхтэнштэйне ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Берне. МЗС паведамляе, што з 2024 па 2026 год дыпламат займаўся “інтэнсіўным моўным навучаннем (руская мова)”.

Лондан не стаў павышаць узровень дыпламатычнай прысутнасці, змяніўшы аднаго часовага паверанага ў справах на іншага.

Раней у Мінску працавала амбасадар, Жаклін Перкінс. Аб завяршэнні яе місіі стала вядома ў жніўні 2024 года.

Падзяліцца: