Мінск 19:16

На 5,5 года асуджаны 19-гадовы жыхар Гомеля за прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання

21 траўня, Позірк. На 5,5 года пазбаўлення волі асуджаны 19-гадовы жыхар Гомеля па п. 7 ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, здзейсненае з хуліганскіх памкненняў). Ён будзе адбываць пакаранне ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе Генеральная пракуратура.

Паводле яе інфармацыі, 1 лістапада 2025 года абвінавачаны святкаваў вяселле сябра ў кавярні, дзе распіваў спіртныя напоі. Пасля 23 гадзін мужчына выйшаў на вуліцу з сяброўкай, дзе паміж імі завязаўся канфлікт. Мінак убачыў, як мужчына пацягнуў дзяўчыну за валасы, і заступіўся за яе. У адказ той наляцеў на мінака і ўдарыў у сківіцу. Той страціў прытомнасць і ўпаў на газон.

Затым фігурант сеў на пацярпелага і працягнуў наносіць удары рукамі і нагамі. Агулам мінак атрымаў не менш за восем удараў па целе і ў вобласць галавы. У яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма.

У чэрвені 2025 года абвінавачаны ўжо быў асуджаны за хуліганства, аднак толькі ў зале суда яму была змененая мера стрымання на заключэнне пад варту.

Суд таксама задаволіў іскавыя патрабаванні пацярпелага і спагнаў з абвінавачанага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 6,8 тыс. рублёў.

Прысуд не набыў моц, можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за “злачынствы супраць жыцця і здароўя“ асуджана 1.713 чалавека (у 2024-м — 1.974). З іх паводле арт. 139 КК аб забойстве — 138 (174), па арт. 147 аб наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання — 479 (519), па арт. 149 аб менш цяжкім пашкоджанні — 293 (344), па арт. 153 аб лёгкім пашкоджанні — 276 (328).

Падзяліцца: