Мінск 15:57

Ціханоўская пажадала Брухану “мудрасці, вытрымкі і плённай працы” на пасадзе спікера КР

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

21 чэрвеня, Позірк. Абранне Арцёма Брухана спікерам Каардынацыйнай рады 4-га склікання сведчыць аб “высокім даверы з боку дэлегатаў і прызнанні <…> папярэдняй працы”, заявіла 21 чэрвеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Віншуючы Брухана з абраннем, палітык пажадала яму “мудрасці, вытрымкі і плённай працы на карысць Беларусі і беларусаў”.

“Віншую таксама ўсіх абраных членаў новага складу Каардынацыйнай рады з пачаткам працы. Перад вамі стаіць важная задача — зрабіць так, каб рада заставалася прадстаўнічым інстытутам, якому давяраюць беларусы, які абараняе іх інтарэсы і дапамагае захоўваць адзінства дэмакратычных сіл”, — падкрэсліла Ціханоўская.

“Разлічваю на цеснае супрацоўніцтва з новым складам Каардынацыйнай рады, каб рухацца да нашай супольнай мэты — свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі”, — адзначыла яна.

Пра абранне Брухана спікерам прэс-служба КР паведаміла ўвечары 20 чэрвеня.

Члена Кааліцыі “Латушка і Рух “За Свабоду”, які ўзначальваў КР 3-га склікання з канца леташняй вясны, падтрымалі 62 дэлегаты з тых 66, якія ўзялі ўдзел у галасаванні (усяго ў палітычнай структуры 80 дэлегатаў). Яго суперніка Андрэя Коласа — толькі паплечнікі па фракцыі “Ваш Голас”, якую ён узначальвае (чатыры галасы з улікам яго ўласнага).

Адметна, што ў галасаванні не ўдзельнічалі члены фракцыі “Аб’яднаная грамадзянская платформа” (АГП). Раней у гэты дзень група распаўсюдзіла заяву, у якой сцвярджалася, што “як мінімум чатыры кіраўнікі фракцый з васьмі не былі своечасова і належным чынам праінфармаваныя пра тэхнічныя рэгламенты, тэрміны і парадак вылучэння кандыдатаў”, у выніку чаго “шэраг фракцый фактычна быў пазбаўлены магчымасці вылучыць уласных кандыдатаў”.

Фракцыя адмовілася ад удзелу ў галасаванні, палічыўшы, што яго правядзенне “заўчаснае і немэтазгоднае, парушае правы дэлегатаў і прынцып прававой дзяржавы”, усклала адказнасць за “легітымнасць працэдуры і яе наступствы” на Кааліцыю “Латушка і Рух “За Свабоду”.

АГП запатрабавала прыпыніць працэдуру выбараў спікера КР, а ў выпадку правядзення галасавання — “не прызнаваць яго вынікі легітымнымі і не зацвярджаць іх”; вярнуць працэдуру “на этап вылучэння кандыдатур з вызначэннем дакладных тэрмінаў, празрыстага парадку дзеянняў і зразумелых тэхнічных правілаў для ўсіх удзельнікаў працэсу”.

Каардынацыйная рада 1-га склікання, сфармаваная адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, узначальваў абраны 19 жніўня таго ж года прэзідыум у складзе 7 чалавек. Туды ўваходзілі Святлана Алексіевіч, Лілія Уласава, Сяргей Дылеўскі, Максім Знак, Вольга Кавалькова, Марыя Калеснікава і Павел Латушка. КР 2-га склікання (сакавік 2023 — травень 2024) узначальваў Андрэй Ягораў, 3-га (травень 2024 — травень 2026) — Анжаліка Мельнікава, а пасля яе знікнення — Арцём Брухан (з 14 траўня 2025 года).

Выбары ў КР 4-га склікання прайшлі з 12 па 19 траўня, у іх узялі ўдзел 2.113 чалавек.

Падзяліцца: