Мінск 11:55

Пасля двух дзён непублічных перамоваў з Пуціным на Валдаі Лукашэнка адправіўся з візітам у Азію

Архіўная ілюстрацыя: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі

28 чэрвеня, Позірк. З “вялікім комплексным візітам у рэгіён Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі” адправіўся Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 28 чэрвеня яго прэс-служба.

Заяўляецца, што візіцёр “наведае шэраг дзяржаў для перамоў на вышэйшым узроўні”.

“Абмяркуюць маштабныя і перспектыўныя для краіны праекты ў розных сферах. Кожнаму з візітаў папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца”, — адзначае прэс-служба палітыка.

Паведамляецца, што ён мае намер наведаць “тры краіны”, якія менавіта — не ўдакладняецца.

“Усходняя і Паўднёва-Усходняя Азія — рэгіён, які з’яўляецца адным з лідараў сусветнага развіцця і глабальным драйверам эканомікі. Гэтым абумоўленая высокая цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з азіяцкімі дзяржавамі, што ўваходзіць у лік знешнепалітычных прыярытэтаў Беларусі, фарміруе аснову яе шматвектарнай палітыкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Увечары 26 чэрвеня прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра пачатак яго візіту ў Расію. Пазней стала вядома пра сустрэчу палітыка з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным у рэзідэнцыі апошняга на Валдаі (Наўгародская вобласць).

27 чэрвеня паведамлялася, што Лукашэнка і Пуцін “працягваюць размаўляць”.

Падрабязнай інфармацыя пра змест іх перамоваў не публікавалася. З заявамі яны не выступілі, пратакольныя фота таксама не былі апублікаваныя.

Беларускім бокам было заяўлена, што ў “перагаворным парадку дня актуальныя пытанні беларускага-расійскага ўзаемадзеяння ў розных сферах, рэалізацыя сумесных праектаў”, а таксама “міжнародная тэматыка і абстаноўка ў рэгіёне”.

Прэс-служба Пуціна абмежавалася адным сказам: “Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі парадак дня Саюзнай дзяржавы, гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне і рэалізацыю сумесных праектаў у галіне эканомікі, а таксама пытанні, звязаныя з рэгіянальнай бяспекай”.

23 чэрвеня Лукашэнка анансаваў “працяглую камандзіроўку”, не ўдакладніўшы, куды менавіта збіраецца.

Гэтая заява прагучала незадоўга да заканчэння тэрміну выканання патрабаванняў, якія высунуў рэжыму ў Мінску прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

19 чэрвеня ён даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Палітык таксама заклікаў спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расейскага войска.

На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што Украіне вядома “пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях”, і паўтарыў, што Беларусь “мае час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне”.

24 чэрвеня Зяленскі паведаміў, што абсталяванне спыніла працу за два дні да таго: “Дэмантавалі [рэтранслятары] ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі пільна сачу і штодзённыя даклады атрымліваю. Факт, што рэтранслятары на сёння не працуюць”.

Падзяліцца: