Мінск 14:18

Федэрацыя лёгкай атлетыкі Украіны вітала захаванне санкцый супраць беларускіх спартсменаў

Себасцьян Коу і Вольга Саладуха
Фота: ФЛАУ

5 ліпеня, Позірк. Федэрацыя лёгкай атлетыкі Украіны (ФЛАУ) падзякавала Сусветнай арганізацыі лёгкай атлетыкі (World Athletics) за захаванне санкцый супраць беларускіх і расійскіх спартсменаў.

Пра гэта паведамляецца на сайце ФЛАУ.

“Сусветная лёгкая атлетыка заўсёды на баку сумленнага чыстага спорту. Гэта моцная пазіцыя і, на жаль, далёка не ўсім у спартыўнай супольнасці ўдаецца яе вытрымліваць. Таму рашэнне World Athletic тым больш важна, бо яно служыць маяком для ўсяго сусветнага спорту”, — заявіла прэзідэнт eкраінскай федэрацыі Вольга Саладуха.

Паводле яе слоў, усе ўкраінскія спартсмены — і ў першую чаргу прадстаўнікі лёгкай атлетыкі — удзячныя за такую прынцыповасць.

“Гэта па-сапраўднаму натхняе і надае сіл. Гэта вяртае нам веру ў справядлівасць, матывуе прымнажаць нашы спартыўныя рэсурсы і захоўваць спартыўныя традыцыі”, — адзначыла Саладуха.

Яна выказала ўпэўненасць, што спартыўная супольнасць Украіны разам з World Athletics “абавязкова вытрымаюць ціск ворага і зробяць усё, каб абараніць ідэалы свабоды, міру і сумленнай канкурэнцыі ў спорце, на якіх грунтуецца алімпійскі рух”.

World Athletics пацвердзіла санкцыі супраць атлетаў з Беларусі і РФ па выніках пасяджэння Савета арганізацыі, якое прайшло 1–2 ліпеня ў фармаце відэаканферэнцыі.

Паводле слоў прэзідэнта World Athletics Себасцьяна Коу, Савет і рабочая група па статусе расіян і беларусаў на міжнародных спаборніцтвах “паслядоўна і метадычна падыходзілі да аналізу санкцый, накладзеных на Расію і Беларусь, а таксама да вызначэння ўмоў для іх магчымага вяртання на міжнародную арэну”.

“Мы прадставілі Савету варыянты для разгляду гэтага пытання, аднак першапачатковае рашэнне па санкцыях, якія абараняюць сумленнасць і чысціню нашых спаборніцтваў, застаецца ў сіле, паколькі ніякіх рэальных крокаў да мірных перамоваў так і не намецілася”, — падкрэсліў Коу.

Аб захаванні санкцый у дачыненні да беларускіх і расійскіх лёгкаатлетаў стала вядома 8 траўня 2026 года.

“Наш Савет прыняў дакладнае рашэнне: ён прыступіць да перагляду сваіх рашэнняў толькі тады, калі намеціцца рэальны зрух у бок мірных перамоваў [па Украіне]. Мы ўсе спадзяемся, што гэта адбудзецца хутка, але да таго часу Савет захоўвае адзінства ў падтрымцы рашэння, прынятага ў сакавіку 2022 года і пацверджанага ў 2023 і 2025 гадах”, — заявіў тады прадстаўнік World Athletics.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку падтрыманай афіцыйным Мінскам расійскай ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрагу ўмоў.

7 траўня 2026 года выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

Адзначалася, што МАК “скасаваў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяціборстве і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Пры гэтым захаваныя абмежаванні ў дачыненні не толькі лёгкаатлетаў, але і тэнісістаў, біятланістаў і прадстаўнікоў іншых відаў спорту.

Падзяліцца: