Мінск 14:49

Група “За дэмакратычную Беларусь” створаная ў ПА АБСЕ, пра пачатак яе працы будзе абвешчана ў Гаазе ў прысутнасці Ціханоўскай

Фота: OSCE PA / flickr.com

5 ліпеня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская наведае 5 ліпеня Гаагу (Нідэрланды), дзе 4–8 ліпеня праходзіць штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ).

Як паведамляе прэс-служба палітыка, падчас сесіі будзе абвешчана аб пачатку працы дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь” у ПА АБСЕ.

“Гэта важны крок для таго, каб беларускае пытанне заставалася ў міжнародным парламенцкім парадку дня, а падтрымка беларусаў, палітвязняў і дэмакратычных сіл была больш сістэмнай”, — гаворыцца ў паведамленні.

Анансуюцца сустрэчы Ціханоўскай з прэзідэнтам ПА АБСЕ Перэ Жаанам Понсам Самп’етра і генеральным сакратаром асамблеі Раберта Мантэлай.

“Таксама запланаваныя асобныя перамовы з украінскай дэлегацыяй у АБСЕ, сустрэчы на палях сесіі і камунікацыя з міжнароднымі медыя”, — паведамілі ў прэс-службе Ціханоўскай.

Дэпутацкія групы “За дэмакратычную Беларусь” дзейнічаюць у парламентах каля 20 дэмакратычных краін.

Аб стварэнні альянсу “За дэмакратычную Беларусь” аднайменнымі групамі ў парламентах шэрагу краін было абвешчана ў сакавіку 2023 года. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе таго ж года ў Берліне, другая — у сакавіку 2025 года ў Рыме, трэцяя — у кастрычніку таго ж года ў Парыжы, чацвёртая — 4 чэрвеня гэтага года ў Лондане.

Гл. таксама:

Дэмсілы Беларусі зацікаўленыя больш узаемадзейнічаць з ПА АБСЕ — Ціханоўская

Пастаянны прадстаўнік Мінска пры АБСЕ раскрытыкаваў “фантазіі аб рэпарацыях і трыбуналах”, палохае Захад ядзернай вайной

Падзяліцца: