Мінск 14:36

Ціханоўская заклікала новы ўрад Літвы працягнуць прынцыповую палітыку ў дачыненні да Беларусі

Архіўнае фота: "Позірк"

7 ліпеня, Позірк. Зычэнне новаму прэм’ер-міністру Літвы Міндаўгасу Сінкявічусу “сфармаваць моцны ўрад і цвёрда кіраваць ім” выказала ў інтэрв’ю LRT беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Палітік таксама выказала спадзеў на тое, што “новы ўрад працягне прынцыповую палітыку ў дачыненні да Беларусі, бо гэта таксама тычыцца нацыянальных інтарэсаў бяспекі самой Літвы”.

“Бяспека Літвы не можа быць паўнавартаснай, пакуль Аляксандр Лукашэнка застаецца ва ўладзе ў Беларусі, — канстатавала Ціханоўская. — Рэжым ужо ператварыў маю краіну ў пагрозу для суседзяў. Я магу пералічваць гэта зноў і зноў: наданне тэрыторыі для расійскай агрэсіі супраць Украіны, стварэнне расійскай вайсковай інфраструктуры ў Беларусі, абвяшчэнне пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, правакацыі ля межаў”.

Паводле яе слоў, пакуль Беларусь “застаецца пад кантролем крамлёўскага дыктатара”, Літва не будзе ў бяспецы: “Будуць працягвацца пагрозы, шантаж і правакацыі”. Для Лукашэнкі гэта “спосаб выжыць”, а для прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна — “спосаб чыніць ціск на Еўропу”, мяркуе дэмлідар.

“Я спадзяюся, што будучы ўрад Літвы захавае пераемнасць палітыкі. Мы вельмі цэнім доўгатэрміновую, ясную, прынцыповую і заснаваную на каштоўнасцях пазіцыю Літвы. Але, вядома, лабісты Аляксандра Лукашэнкі выпрабоўваюць адзінства краін Еўрапейскага саюза і ўнутранае адзінства Літвы, узнімаюць розныя гістарычныя пытанні і імкнуцца разбурыць вобраз дэмакратычных сіл Беларусі. Аднак мы мусім думаць пра доўгатэрміновыя мэты”, — заклікала Ціханоўская.

У такой сітуацыі задача беларускіх дэмакратычных сіл, паводле слоў палітыка, заключаецца ў тым, каб данесці да літоўскага грамадства, урада, Сейма разуменне, “чаму ясная пазіцыя Літвы адносна Беларусі адпавядае інтарэсам бяспекі самой Літвы”. “Мы не прымаем рашэння за Літву, мы толькі хочам прадставіць свой пункт гледжання”, — патлумачыла яна.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта ў інтэрв’ю нямецкаму антыглабалісцкаму часопісу Hintergrund (перадрукаванае на сайце МЗС 6 ліпеня) назваў паранояй вобраз “прыфрантавой дзяржавы”, які прасоўвае Літва.

“Калі літоўскае кіраўніцтва зараз у паніцы раз’язджае па заходніх ток-шоу, крычыць, што яны — “прыфрантавая дзяржава”, то гэта свядомая маніпулятыўная хлусня. Прыфрантавая дзяржава — гэта краіна з рэальнай лініяй фронту ўздоўж сваіх межаў, дзе падаюць артылерыйскія снарады. У Літве гэта не так, — заявіў чыноўнік. — Яны канструююць прывід беларуска-расійскай агрэсіі з адной адзінай банальнай прычыны: Еўрапейскі саюз і Вашынгтон субсідуюць гэтую штучна разадзьмутую параною на нашых межах астранамічнымі сумамі. Мільярды ўкладваюцца ў вайсковыя базы, інфраструктурныя праграмы і тэхналогіі гарантавання бяспекі рубяжоў. Іх уласная істэрыя шчодра ўзнагароджваецца заходнімі падаткаплацельшчыкамі”.

Як паведамляў “Позірк”, у праекце праграмы 21-га ўрада Літвы (прэм’ер-міністра Міндаўгаса Сінкявічуса) у параўнанні з праграмай 20-га кабінета міністраў (Інгі Ругінене) назіраецца пэўная змена падыходу да Беларусі.

У прыватнасці, стары ўрад абяцаў “дамагацца адказнасці беларускага рэжыму за арганізаваны ўвоз мігрантаў, які стварыў пагрозу жыццям людзей і парушыў міжнароднае права”, а таксама “ўмацоўваць захады па барацьбе з нелегальнай міграцыяй”. Новае мае намер дамагацца адказнасці “за арганізаванае выкарыстанне нелегальнай міграцыі, якое стварыла пагрозу жыццям людзей і парушыла міжнароднае права”, “умацоўваць барацьбу з нелегальнай міграцыяй ды іншымі гібрыднымі атакамі”.

Урад Ругінене канстатаваў, што “цяперашні аўтарытарны рэжым Беларусі нясе пагрозу для Літвы, бо Беларусь з’яўляецца палітычным і ваенным саюзнікам Расіі”, і абавязваўся прадпрымаць “актыўныя дзеянні для далейшага падтрымання міжнароднай ізаляцыі Расіі і Беларусі”.

У праекце праграмы Сінкявічуса наўпрост не пазначана, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі — пагроза для літоўскай дзяржавы. Замест безумоўных “актыўных дзеянняў” па ізаляцыі Мінска ставіцца ўмова: “Калі Беларусь працягне падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны або будзе ажыццяўляць гібрыдныя атакі супраць ЕС або Украіны, мы будзем узмацняць ізаляцыю і ціск”.

20-ы ўрад прызнаваў Беларускую АЭС пастаяннай пагрозай для Літвы і абавязваўся захоўваць пытанне пра яе небяспеку “ў палітычным парадку дня ЕС з мэтай яе закрыцця да вырашэння ўсіх праблем аховы навакольнага асяроддзя і ядзернай бяспекі”. У праекце праграмы 21-га дэкларуецца намер “працягваць узнімаць пытанне небяспечнай” БелАЭС “у міжнародных фарматах” і дамагацца таго, каб Беларусь “выконвала найвышэйшыя стандарты ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама датрымлівалася міжнародных абавязацельстваў”. Патрабавання пра закрыццё станцыі няма.

І нарэшце, урад Ругінене заяўляў, што будзе “і надалей дамагацца дэмакратычных выбараў у Беларусі пад назіраннем прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці”. У праекце праграмы ўрада Сінкявічуса пра гэта нічога не гаворыцца.

30 чэрвеня Сейм Літвы зацвердзіў кандыдатуру 42-гадовага старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Міндаўгаса Сінкявічуса на пасаду прэм’ер-міністра, у той жа дзень прэзідэнт Гітанас Наўседа падпісаў указ пра яго прызначэнне.

6 ліпеня Наўседа зацвердзіў новы склад урада, а 7-га Сейм разглядае праграму кабінета. Чакаецца, што праграма будзе ўхваленая 14 ліпеня.

Падзяліцца: