Мінск 22:08

Справа падазраванай у шпіянажы беларускай журналісткі Кардаш перанакіраваная ў Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева

Архіўнае відэа: СБУ / стоп-кадр: "Позірк"

11 ліпеня, Позірк. Справа падазраванай у шпіянажы беларускай журналісткі Інны Кардаш перанакіраваная ў Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева, вынікае з вызначэння Кіеўскага апеляцыйнага суда ад 6 ліпеня.

У дакуменце не раскрываецца імя фігуранткі, аднак на тое, што гаворка ідзе менавіта пра Кардаш, паказваюць абставіны інкрымінаванага злачынства. У прыватнасці, гаворыцца, што яна, “будучы грамадзянкай Рэспублікі Беларусь, <…> знаходзячыся ў канфідэнцыйнай супрацы з прадстаўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі <…>, не пазней за 06.09.2025 пагадзілася на выкананне задач названай замежнай спецслужбы па атрыманні звестак, якія ёсць дзяржаўнай таямніцай”.

Абвінавачаная “ўладкавалася на працу ў Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны”, “знаходзячыся па месцы працы <…>, сістэматычна збірала сакрэтныя звесткі шляхам фатаграфавання дакументаў і фіксацыі на тэхнічныя сродкі аўдыёзапісаў вусных паведамленняў работнікаў Каардынацыйнага штаба <…> з мэтай іх далейшай перадачы прадстаўнікам” КДБ.

З вызначэння вынікае, што першапачаткова працэс было даручана весці Падольскаму раённаму суду Кіева, але яго старшыня хадайнічаў пра перанос, бо ніводзін з суддзяў, якія спецыялізуюцца на крымінальных справах, не мае допуску да дзяржаўнай таямніцы, а ў справе маюцца нерассакрэчаныя доказы.

Апеляцыйны суд палічыў довады абгрунтаванымі і перадаў справу ў іншы раённы суд.

Як паведамлялася раней, Кардаш працавала ва Украіне журналісткай з 2019 года — спачатку на тэлеканале “112”, а пасля ў інфармацыйным агенцтве “Інтэрфакс Украіна”. Паводле версіі следства, з таго ж года яна стала кантактавала з грамадзянінам Беларусі, які “ажыццяўляў канфідэнцыйную супрацу з беларускімі спецслужбамі”.

У верасні 2025 года яна з’ехала ў Беларусь, дзе яе, паводле даных следства, завербаваў КДБ. Пасля гэтага жанчына падпісала кантракт з ГУВ Міністэрства абароны Украіны і ўладкавалася ў згаданы штаб і, згодна з матэрыяламі справы, перасылала здабытую там інфармацыю куратару ў КДБ.

Пра тое, што Служба бяспекі Украіны і Служба ўласнай бяспекі ГУВ прадухілілі “пранікненне агента беларускага КДБ у падраздзяленне Сіл абароны”, СБУ паведаміла 27 студзеня. Было заяўлена, што ў выніку “шматэтапнай спецаперацыі” ў Кіеве затрыманая 35-гадовая грамадзянка Беларусі — “глыбока заканспіраваная шпіёнка, якая працавала на КДБ РБ”, як тады сцвярджалася, “з 2015 года”.

Служба бяспекі Украіны адзначыла, што “дзякуючы своечасоваму выкрыццю шпіёнкі” супрацоўнікі СБУ і ГУВ “пачалі з беларускай агенткай доўгатэрміновую аператыўную гульню, якая дазволіла не толькі дакументаваць кожны яе крок, але і праз яе рэгулярна дэзінфармаваць беларускую спецслужбу”.

“Сабраўшы поўную доказавую базу на шпіёнку, СБУ ва ўзаемадзеянні з ГУВ затрымала яе ля месца пражывання. У фігуранткі канфіскаваныя смартфон і дыктафон, на якія яна фіксавала закрытую інфармацыю. <…> Следчыя СБУ паведамілі ёй пра падазрэнне паводле ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэкса Украіны. Гэта шпіянаж. Зламысніца знаходзіцца пад вартай, ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці”, — гаварылася ў відэаматэрыяле.

4 траўня агенцтва “Укрінфарм” са спасылкай на кіраўніка сакратарыята Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Багдана Ахрыменку паведаміла, што Мінск прапануе ўключыць Кардаш у адзін з абменаў Масквы з Кіевам.

Падзяліцца: