Мінск 00:55

Сілавікі прыходзілі дадому ў Беларусі да пісьменніка Сашы Філіпенкі з-за “справы ЕГУ”

Саша Філіпенка
Архіўнае фота: Gio Kardava

13 ліпеня, Позірк. Сілавікі зноў прыходзілі дадому ў Беларусі да пісьменніка Сашы Філіпенкі, паведаміў ён у эфіры тэлеканалу “Белсат”.

“Апошні раз да мяне чамусьці прыходзілі ў сувязі з тым, што я таксама навучаўся ў ЕГУ. Напэўна, яны хацелі высветліць, што менавіта я рабіў у ЕГУ, хаця я адвучыўся ў ЕГУ толькі першы курс (вну працаваў у Мінску з 1992 па 2004 год. — “Позірк”.), і пасля яго закрылі”, — сказаў пісьменнік.

Сілавікі таксама ўжываюць рэпрэсіі за ягоную літаратурную дзейнасць, сказаў пісьменнік: “Нібыта другая [крымінальная] справа праз тое, што было інтэрв’ю, і я размаўляў пра [кнігу] “Слон”. А паколькі “Слон” “экстрэмісцкі”, то нібыта я не магу размаўляць пра свае кніжкі”.

Мастацкія творы Філіпенкі “Слон” і “Чырвоны крыж” былі ўнесены ў спіс друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі, ў верасні 2025 года.

5 лютага Філіпенка паведаміў, што што ў адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

21 лютага 2025 года Філіпенка паведаміў “Радыё Свабода”, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

У лютым 2024-га стала вядома, што ў Беларусі ў дачыненні да Філіпенкі ўзбудзілі крымінальную справу. Пра гэта ён паведаміў пасля таго, як яго бацька даведаўся пра справу падчас допыту. Паводле якога артыкулу была ўзбуджаная справа, на той момант не паведамлялася.

Філіпенка пасля падзей 2020 года стаў адным з галасоў беларускага пратэстнага руху ў Еўропе (жыве за мяжой). Неаднаразова выступаў у абарону беларускіх палітвязняў у расійскай, нямецкай, англійскай, шведскай, галандскай, польскай, французскай прэсе. Падтрымлівае Украіну ў яе барацьбе супраць расійскай агрэсіі.

У ліпені 2023 года ў Вільнюсе адбылася прэм’ера спектакля паводле п’есы Сашы Філіпенкі “Ціхары”. Пастаноўка ў сатырычнай форме паказвае беларускіх сілавікоў, якія пад выглядам звычайных грамадзян прасочваюць удзельнікаў пратэстаў.

14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ, які працуе ў Вільнюсе, і структурныя падраздзяленні, якія ўваходзяць у яго склад, “экстрэмісцкай арганізацыяй”, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая.

16 красавіка МЗС Літвы выказала Беларусі “рашучы пратэст” у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне як “палітычна матываванае, неабгрунтаванае, якое парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, што законна працуе ў іншай дзяржаве, абвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, МЗС назваў беспрэцэдэнтным.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, на фоне прызнання ВНУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” распачатая крымінальная справа за садзейнічанне і фінансаванне “экстрэмісцкай дзейнасці”. У краіне пераследуюць людзей, звязаных з ЕГУ.

Па выніках першай дэкады чэрвеня было вядома пра больш як 30 вобшукаў у выпускнікоў, студэнтаў ды іншых асоб, якія маюць дачыненне да універсітэта, а таксама ў іх сваякоў.

Напрыканцы чэрвеня генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара заявіў, што “пагалоўна, без разбору прыцягваць да адказнасці, скажам так, студэнтаў, асоб, якія мелі нейкае дачыненне да гэтай арганізацыі, натуральна, ніхто не будзе”.

Падзяліцца: