Мінск 19:13

У суд накіравана справа 20-гадовага пінчука за “рэабілітацыю нацызму” і публікацыі “з мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве”

13 ліпеня, Позірк. Пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні 20-гадовага жыхара Пінска (Брэсцкая вобласць) у наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 1301 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў распальванні нацыянальнай і рэлігійнай варожасці (ч. 1 арт. 130).

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны з лютага 2024 года па чэрвень 2025-га, знаходзячыся на тэрыторыі іншай дзяржавы, “з выкарыстаннем [мессенджера] “Телеграм“ са свайго акаўнта“ размяшчаў у адкрытым доступе публікацыі, у якіх “змяшчалася станоўчая ацэнка дзейнасці нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, адабрэнне і адмаўленне злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенных і іншых злачынстваў, устаноўленых прысудам Міжнароднага ваеннага трыбунала (Нюрнбергскага. — “Позірк”.) <…> і пакарання галоўных ваенных злачынцаў еўрапейскіх краін”.

У прыватнасці, як сцвярджаецца, абвінавачаны размяшчаў і распаўсюджваў у свабодным доступе паведамленні, “якія змяшчаюць адабрэнне ідэй расавай перавагі, накіраваныя на папулярызацыю ідэалогіі нацызму і дзейнасці нацысцкіх арганізацый, усхваленне культу Адольфа Гітлера”.

Ён жа “з дапамогай кампутарнай тэхнікі” ў адным з тэлеграм-чатаў “з мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве размясціў шэраг паведамленняў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці”.

Акрамя таго, фігурант “стварыў і адміністраваў тэлеграм-канал”, у якім публікаваліся паведамленні з “прыкметамі праявы экстрэмізму, нацысцкая сімволіка і атрыбутыка, а таксама іншыя матэрыялы, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варожасці або варожасці, прапаганду выключнасці, перавагі”.

Пракуратура рэгіёну накіравала ў адпаведную экспертную камісію Брэсцкага аблвыканкама ліст аб ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчаецца ў гэтым тэлеграм-канале, “на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет экстрэмізму”.

За рэабілітацыю нацызму ст. 1301 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу, арышту, абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

Акрамя асноўнага прызначэння, гэты артыкул актыўна выкарыстоўваецца ўладамі для барацьбы з нязгоднымі.

Уведзена крымінальная адказнасць за “адмаўленне генацыду беларускага народа” ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе.

Падзяліцца: