Мінск 13:33

Латушка перадаў у канцылярыю прэзідэнта Польшчы інфармацыю пра рэпрэсіі, што працягваюцца ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

14 ліпеня, Позірк. Інфармацыю пра рэпрэсіі, што працягваюцца ў Беларусі, а таксама пра трансгранічныя злачынствы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў, якія жывуць у Польшчы, перадаў кіраўніку бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі польскага прэзідэнта Марціну Пшыдачу намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

Прэс-служба АПК паведаміла, што ў сустрэчы таксама ўзяў удзел дырэктар вільнюскага офіса Святланы Ціханоўскай і яе дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.

Адзначаецца, што Латушка і Кучынскі “падкрэслілі важнасць працягу палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі, бо ён не мяняе сваёй унутранай рэпрэсіўнай палітыкі, а таксама працягвае падтрымліваць агрэсію супраць Украіны”.

У развіццё апошняй тэзы Латушка “перадаў польскаму боку інфармацыю пра дзеянні рэжыму, звязаныя з падрыхтоўкай да ўдзелу ў гарачай фазе агрэсіі супраць Украіны”.

Паведамляецца, што “польскаму боку было прадстаўленае бачанне правядзення нацыянальнага дыялогу ў Беларусі з выкарыстаннем механізма круглага стала”. Як паказаў “досвед гістарычных падзей 1989 года ў Польшчы”, гэты інструмент “дапамог польскаму народу перайсці ад дыктатуры да сучаснай еўрапейскай дэмакратыі”, канстатавалі візіцёры.

Латушка і Кучынскі таксама “адзначылі важнасць таго, што ў Польшчы захоўваецца адзіны падыход прэзідэнта краіны і ўрада да падтрымкі дэмакратычных сіл і будучых дэмакратычных перамен у Беларусі”. Яны “перадалі словы падзякі” на адрас польскага прэзідэнта Караля Наўроцкага “за падтрымку свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”.

9 ліпеня прэс-служба АПК паведаміла, што Латушка абмеркаваў на сустрэчы з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам выпадкі адмовы ў наданні міжнароднай абароны беларусам, якія знаходзяцца ў Польшчы, са спасылкай на заканчэнне тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстах.

Тады на сустрэчы “было адзначана, што ў беларускіх рэаліях заканчэнне тэрмінаў даўніны не азначае спынення крымінальнага пераследу, бо так званыя праваахоўныя органы перакваліфікуюць крымінальныя справы на больш цяжкія артыкулы, якія прадугледжваюць больш працяглыя тэрміны пазбаўлення волі”.

Упраўленню па справах замежнікаў, як і канцылярыі прэзідэнта Польшчы, былі перададзеныя даклады пра рэпрэсіі ў Беларусі, а Латушка звярнуўся да Цытрыновіча з просьбай улічваць працяглы палітычна матываваны пераслед нязгодных.

Падзяліцца: