Мінск 17:39

Украіна і РФ зноў абмяняліся на тэрыторыі Беларусі целамі загінулых вайскоўцаў

16 ліпеня, Позірк. Украіна і Расія ў чарговы раз абмяняліся целамі загінулых вайскоўцаў у пункце пропуску Новая Гута ў Гомельскай вобласці (з украінскага боку — Новыя Ярылавічы), вынікае з паведамленняў беларускіх дзяржСМІ.

Адзначаецца, што РФ перадала Украіне 501 цела, Украіна Расіі — 31. Гэтыя ж лічбы пацвярджае расійскае агенцтва ТАСС.

У тэлеграм-канале ўкраінскага Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі паведамляецца, што “ў выніку рэпатрыяцыйных мерапрыемстваў ва Украіну вернутае 501 цела загінулых, якія, паводле сцвярджэння расійскага боку, могуць належаць украінскім вайскоўцам”.

Заяўлена, што следчыя і эксперты “правядуць усе неабходныя мерапрыемствы для ідэнтыфікацыі рэпатрыяваных загінулых”.

Пры гэтым украінская структура не называе месца перадачы цел.

У 2026 годзе большасць вядомых абменаў целамі загінуўшых паміж Расіяй і Украінай праходзіла праз тэрыторыю Беларусі. Публічна пацверджаныя выпадкі — 9 красавіка, 15 траўня, 18 чэрвеня і 16 ліпеня — адбыліся на беларуска-ўкраінскай мяжы. Месцы абмену целамі 29 студзеня і 26 лютага не раскрываліся.

Праз тэрыторыю Беларусі сёлета прайшло ўжо восем абменаў расійскімі і ўкраінскімі ваеннапалоннымі (апошні раз — 26 чэрвеня).

Падзяліцца: