Мінск 21:41

Суд у Гродне прыгаварыў блогера да 1,5 года зняволення за махінацыі са зборам на лячэнне хворага дзіцяці

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

16 ліпеня, Позірк. Суд Ленінскага раёна Гродна 16 ліпеня прыгаварыў блогера з абласнога цэнтра да 1,5 года пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 216 (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў выкрадання) і арт. 188 (паклёп) Крымінальнага кодэкса.

Паводле інфармацыі прэс-службы Вярхоўнага суда, таксама пастаноўлена канфіскаваць у яго “грашовыя сродкі, здабытыя злачынным шляхам”, — больш за 139 тыс. рублёў. У кошт пакрыцця маральнай шкоды на карысць дваіх пацярпелых, у дачыненні да якіх фігурант “распаўсюдзіў паклёпніцкія звесткі”, спагнана агулам 1.700 рублёў.

Паводле матэрыялаў справы, непаўналетні абвінавачаны Д. (згодга са звесткамі СМІ, гаворка пра Міхаіла Драгуна, затрыманага ва ўзросце 17 гадоў у лістападзе 2025-га) збіраў сродкі на лячэнне хворага 9-гадовага хлопчыка праз сваю старонку ў “Інстаграме”, на якую было падпісана каля 190 тыс. чалавек. Маці дзіцяці прызнаная ў судзе адной з пацярпелых.

“З мэтай прыцягнення грашовых сродкаў на аказанне дабрачыннай дапамогі ён праводзіў розыгрышы прызоў сярод падпісчыкаў свайго акаўнта, — гаворыцца ў паведамленні. — Пры гэтым абвінавачаны запэўніў пацярпелую, што перадасць у яе ўласнасць сабраныя ў дабрачынных мэтах грашовыя сродкі для магчымасці аплаты дарагога медыцынскага прэпарата яе малалетняму дзіцяці. <…> Маючы на рахунках грашовыя сродкі, добраахвотна пералічаныя грамадзянамі, разумеючы патрэбу пацярпелай у гэтых грашовых сродках, паколькі стан здароўя яе сына імкліва пагаршаўся, абвінавачаны, пераследуючы карыслівую мэту, у поўным аб’ёме ўзятыя на сябе абавязацельствы не выканаў”.

З грошай, якія паступілі на дабрачынную мэту, ён перадаў маці дзіцяці 257 тыс. 419,43 рубля, а астатнія 405 тыс. 550,57 рубля “працягваў захоўваць як злачынны даход, ухіліўшыся ад перадачы належнага, атрымаў для сябе маёмасную выгаду і нанёс шкоду пацярпелай у буйным памеры”.

Значную частку грошай, пералічаных грамадзянамі, абвінавачаны “выдаткоўваў у сваіх асабістых інтарэсах”.

Пасля “спынення <…> злачыннай дзейнасці абвінавачанага сума грашовых сродкаў, неабходная для завяршэння збору, была пералічаная пад кантролем органа крымінальнага пераследу на банкаўскі рахунак пацярпелай”, а на астатнія на рахунках “здабытыя злачынным шляхам грашовыя сродкі” быў накладзены арышт.

Малады чалавек, як сцвярджаецца, прыцягнуў да ўдзелу ў зборы грошай 18-гадовую знаёмую, якая перадала яму рэквізіты сваёй банкаўскай карты. З верасня па кастрычнік 2025 года на банкаўскую карту дзяўчыны паступіла 198 тыс. 651,39 рубля.

Дзяўчына, асцерагаючыся, што блогер “займаецца супрацьпраўнай дзейнасцю”, заблакавала карту з рэштаю (49 тыс. 946,96 рубля). Пасля гэтага фігурант публічна ў “Інстаграме” абвінаваціў дзяўчыну і яе маці ў выкраданні сродкаў. Абедзве таксама былі прызнаныя пацярпелымі.

Падчас суда малады чалавек віны не прызнаў. Паводле яго слоў, ён “першапачаткова паведаміў, што частка грашовых сродкаў будзе ісці на набыццё прызоў для розыгрышаў, на што маці дзіцяці пагадзілася”. Пры гэтым бакі не агаворвалі, якая частка грошай будзе перадавацца на лячэнне, а якая будзе накіроўвацца на прызы для розыгрышу.

Па эпізодзе пра паклёп блогер заявіў, што сапраўды думаў, нібыта яго знаёмая і яе маці прысабечылі грошы. Іх патрабаванне выплаціць агулам 11 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды ён не прызнаў.

Вырак не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Пра затрыманне ў Гродзенскай вобласці “блогераў-аферыстаў” Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 4 лістапада 2025 года. Тады было заяўлена, што затрыманы 17-гадовы жыхар абласнога цэнтра і “яго 37-гадовая сужыцелька”.

Паводле інфармацыі СМІ, апошняя — Яўгенія Тарасенка. Яе вызвалілі, вырашыўшы, што жанчына не ведала пра сапраўдныя намеры маладога чалавека.

Тарасенка ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што Драгун выступаў з апошнім словам 16 ліпеня на працягу дзвюх гадзін. Пасля абвяшчэння выраку яна напісала, што не згодная з ім і што адвакат будзе падаваць скаргу на прыгавор. Пры гэтым жанчына падкрэсліла, што ў любым выпадку Драгун з улікам утрымання ў следчым ізалятары правядзе ў няволі паводле выраку “максімум 2–3 месяцы”, а пасля “будзе дома”.

Падзяліцца: