Мінск 21:47

Ціханоўская: Балюча бачыць, як рэжым спрабуе вывесці пачуццё ідэнтычнасці з жыцця людзей

Фота на старонцы "Рагна" ў "Фэйсбуку" / апрацоўка: "Позірк"

16 ліпеня, Позірк. Ніякія забароны ніколі не зменяць таго, кім з’яўляюцца беларусы, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, рэагуючы на ​​нядаўняе закрыццё шэрагу беларускіх брэндаў і скасаванне культурніцкіх падзей.

“Беларуская культура жыве ў самых звычайных рэчах: у вышыўцы на кашулі, у песні, якая запомнілася з дзяцінства, у слове, якое па-сапраўднаму разумеюць толькі беларусы, — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Менавіта таму так балюча бачыць, як беларускі рэжым спрабуе вывесці гэтае пачуццё ідэнтычнасці з жыцця людзей”.

“За апошнія тыдні спынілі працу беларускія брэнды Honar, LSTR Adzieńnie і “Рагна”. Былі скасаваныя святкаванне Купалля ў сядзібе “Дукора” і фестываль “Наш Грунвальд”. Тым часам на фестывалі “Славянскі базар” выступяць выканаўцы, якія падтрымліваюць вайну, гвалт і імперыялізм”, — адзначыла палітык.

На думку Ціханоўскай, так беларусаў пераконваюць, што “ім трэба саромецца або баяцца таго, што” ім належыць: “Нашай мовы, нашай гісторыі, нашых традыцый, нашых песень і нашага адзення”.

“Але нашую культуру немагчыма сцерці. Яна жыве ў кожным з нас. Яна можа быць ціхай ці гучнай, традыцыйнай або сучаснай, праяўляцца ў вышыванцы ці худзі, у народнай песні ці ў новай. Гэта тое, хто мы ёсць”, — падкрэсліла дэмлідар.

Раней кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі заявіў, што закрыццё згаданых брэндаў — гэта “чарговы крок па русіфікацыі Беларусі, які праводзіцца рукамі беларускіх уладаў”.

“Вядома, гэта праграма знішчэння ўсяго беларускага, якая працягваецца больш за 200 гадоў. Так рэжым паказвае сваю несамастойнасць і поўную залежнасць ад імперскіх наратываў, як у галіне прыкладнога мастацтва, так і ўсяго, што звязана з візуалізацыяй беларускай культуры. У такіх умовах варта супраціўляцца гэтаму і бараніць сваё ўсімі магчымымі формамі”, — падкрэсліў праваабаронца.

На мінулым тыдні брэнд сучаснага беларускага адзення Honar абвясціў на сваіх старонках у сацыяльных сетках пра тое, што завершыць працу 19 ліпеня. Праз некалькі дзён пра спыненне дзейнасці паведамілі стваральнікі брэнда LSTR Adzieńnie, хаця незадоўга да гэтага каманда прадставіла новую калекцыю, прысвечаную Купаллю.

Закрылася крама этнатавараў “Рагна”, якая прапрацавала 13 гадоў на вул. Сухой у Мінску. Паводле інфармацыі “Вясны”, гэта была першая такая пляцоўка ў краіне.

Праваабаронцам стала вядома, што ўладальніка адной з крам затрымлівалі сілавікі — для допыту “праз публікацыі ў сацыяльных сетках і кантакты”. Паведамляецца, што яго адпусцілі пасля патрабавання закрыць бізнэс.

“Вясна” адзначыла, што згаданыя праекты на працягу многіх гадоў выпускалі адзенне і сувеніры з беларускай сімволікай і матывамі, а таксама супрацоўнічалі з майстрамі народных рамёстваў. Амаль адначасовае закрыццё праваабаронцы назвалі “балючым ударам па лакальнай супольнасці і стала чарговым прыкладам выціскання незалежнага беларускага бізнесу і нацыянальнага складніка з публічнай прасторы”.

Падзяліцца: