Мінск 18:08

МНС патушыла пажар у гродзенскай бальніцы — шасцёра пацярпелых шпіталізаваныя, былі эвакуяваныя 254 чалавекі

Відэа: МНС / стоп-кадр: "Позірк"

19 ліпеня, Позірк. Аб ліквідацыі пажару ў бальніцы ў Гродне паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У рэлізе гаворыцца, што “ноччу ратавальнікам паступіла паведамленне аб задымленні ва ўстанове аховы здароўя па вуліцы  Абухава” (верагодна, гаворка аб гродзенскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія”).

“Падраздзяленні МНС, якія прыбылі да месца пажару, устанавілі, што ачаг узгарання знаходзіўся ў адной з палат на пятым паверсе шасціпавярховага будынка”, — адзначае ведамства.

Паводле даных МНС, работнікі бальніцы, “адрэагаваўшы на пах гару”, сумесна з супрацоўнікамі міліцыі “з палаты, якая гарэла, выратавалі 5 чалавек”, ніхто з іх не пацярпеў.

“З выкарыстаннем спецыяльных масак для абароны органаў дыхання з небяспечнай зоны работнікі МНС выратавалі яшчэ 6 чалавек, якія былі шпіталізаваныя”, — гаворыцца ў паведамленні.

З будынка бальніцы эвакуявалі 254 чалавекі, у тым ліку 10 дзяцей. Пацярпелых сярод іх няма.

На месцы здарэння працавалі 15 адзінак тэхнікі МНС.

Падзяліцца: