Мінск 19:18

Літоўскія памежнікі затрымалі перавозчыкаў амаль 6 тыс. пачкаў цыгарэт, дастаўленых з Беларусі па паветры

Фота: САДМ Літвы

21 ліпеня, Позірк. Літоўскія памежнікі затрымалі двух жыхароў Вільнюса, якія перавозілі 5.999 пачкаў цыгарэт, што былі дастаўленыя з Беларусі па паветры, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

Паводле інфармацыі ведамства, аўтамабіль “Фальксваген Крафтэр” быў спынены ранкам 19 ліпеня ля вёскі Швендубрэ (Друскінінскае самакіраванне). У фургоне знаходзіліся чатыры скруткі са скрынкамі прадукцыі гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”. Да аднаго з іх былі прымацаваныя рэшткі паветранага шара.

У скрынках знаходзіліся цыгарэты Minsk 5 Superslims, NZ Gold і Queen Menthol з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі з улікам падаткаў, што маюць быць выплачаныя ў Літве, перавышае 32,7 тыс. еўра.

Па факце “незаконнага абыходжання з падакцызнымі таварамі” распачатае дасудовае расследаванне. Суд санкцыянаваў арышт 30-гадовага падазраванага на 20 сутак, яго 45-гадовага саўдзельніка — на 15 сутак.

Пры гэтым за такое злачынства заканадаўствам Літвы прадугледжаны штраф ці пазбаўленне свабоды на тэрмін да 6 гадоў.

Падзяліцца: