Мінск 19:18

КДК выявіў нізкую гатоўнасць камбайнаў да працы ў кожным чацвёртым правераным сельгаспрадпрыемстве

Ілюстрацыйнае фота: "Гомсельмаш"

21 ліпеня, Позірк. На сярэдзіну гэтага месяца Камітэт дзяржкантролю выявіў факты нізкай гатоўнасці збожжаўборачных камбайнаў да працы ў 36 са 146 правераных сельскагаспадарчых арганізацый (у кожным чацвёртым), вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 ліпеня на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі.

Паводле слоў палітыка, якія прыводзіць яго прэс-служба, у асобных гаспадарках “рамонт пачалі толькі напярэдадні ўборкі”. Такія факты былі выяўленыя ў Віцебскай вобласці — у Верхнядзвінскім і Шумілінскім раёнах; Гродзенскай — у Ашмянскім і Смаргонскім; Магілёўскай — у Быхаўскім і Крычаўскім; Гомельскай — у Калінкавіцкім.

Камбайны, трактары, а таксама зернесушыльныя комплексы “павінны быць спраўныя, і за кожнай адзінкай тэхнікі замацаваныя кваліфікаваныя людзі”, загадаў спікер.

У той жа час, адзначыў ён, паводле ацэнак урада, гатоўнасць тэхнікі вышэйшая, чым летась, і складае 99%.

У сельгасарганізацыях краіны маецца 6,8 тыс. збожжаўборачных камбайнаў. Акрамя таго, на ўборку выйдуць 400 новых камбайнаў.

Лукашэнка даручыў забяспечыць тэхніку неабходнымі запчасткамі, своечасовым рамонтам і абслугоўваннем.

“Дадаткова да ўборкі прыцягнулі 2.331 чалавека. Разам з тым на 13 ліпеня не ўсе прыбылі ў гаспадаркі. Напрыклад, у Віцебскай вобласці — 485 механізатараў з неабходных 655”, — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, цяпер гатоўнасць зернесушыльных комплексаў складае 97%. Паводле інфармацыі ўрада, наяўныя 1.660 зернесушыльных комплексаў дазволяць цалкам апрацаваць сутачны аб’ём збожжа.

“З кабінета ўрада — так, а на самай справе не, — заявіў палітык. — Аблятаючы ўсход і цэнтр Беларусі, я бачыў на збожжатоках немалую колькасць збожжа, якое ляжыць у буртах. Факты негатоўнасці зернесушыльных комплексаў знойдзеныя кантралёрамі ў кожнай пятай гаспадарцы. Літаральна на мінулым тыдні не працавалі 49 комплексаў, у тым ліку ў Віцебскай вобласці — 16, у Гомельскай — 13”.

Пра пажары на аб’ектах аграпрамысловага комплексу перыядычна паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

20 ліпеня агнём было пашкоджана лакафарбавае пакрыццё на плошчы 10 кв. м сушыльнага бункера ў зернесушыльным комплексе ў аграгарадку Жарабковічы Ляхавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць).

Прэс-падборшчык быў знішчаны 18 ліпеня пры правядзенні сельгасработ у полі ля в. Курганье Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць).

17 ліпеня падчас сельскагаспадарчых работ у полі ля вёскі Шылькі Докшыцкага раёна (Віцебская вобласць) загарэўся кормаўборачны камбайн — агонь пашкодзіў маторны адсек, кабіну і колы.

У той жа дзень пры правядзенні сельгасработ у полі ля вёскі Феліцыянава (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) агонь знішчыў прэс-падборшчык.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных МНС, у 2025 годзе праз пажары пацярпела або была знішчана сама меней 53 адзінкі тэхнікі. Гэта на 27,4% менш, чым за 2024 год (мінімум 73). Сёлета адзначана 12 такіх выпадкаў.

Падзяліцца: