Мінск 00:46

Палітычныя структуры павінны супрацоўнічаць з грамадскімі ініцыятывамі — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская на сайд-івэнце “Беларуская грамадзянская супольнасць: выстаялі. Што далей?” 7 жніўня 2026 года ў Варшаве
Фота: "Позірк"

7 жніўня, Позірк. Упэўненасць у тым, што цяперашнія беларускія палітычныя і дэмакратычныя структуры “могуць і павінны суіснаваць з грамадскімі ініцыятывамі”, выказала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сайд-івэнце “Беларуская грамадзянская супольнасць: выстаялі. Што далей?”, які адбыўся 7 жніўня напярэдадні канферэнцыі “Новая Беларусь” (8-9 жніўня) у Варшаве.

“Бо мы рухаемся ў адным накірунку — у накірунку дэмакратычнай і вольнай Беларусі, дзе дзяржава будзе падтрымліваць працу такіх арганізацый”, — дадала дэмлідар.

Ціханоўская адзначыла, што захапляецца ўсімі беларускімі грамадскімі арганізацыямі, бо яны “не проста выдужалі, але і працягваюць працаваць, ствараць цудоўныя рэчы і дапамагаць людзям, прычым часта дапамагаць вырашаць такія пытанні, якія здаваліся невырашальнымі”.

Яна запэўніла прадстаўнікоў НДА, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, што беларускія дэмакратычныя палітычныя структуры “заўжды гатовыя да супрацоўніцтва”. “Мы неўзабаве адкрыем офіс у Варшаве, і я запрашаю вас карыстацца гэтай прасторай, праводзіць там свае мерапрыемствы, сустракацца, запускаць супольныя ініцыятывы. Гэта будзе публічныя прастора для ўсіх”, — заявіла Ціханоўская.

Прадстаўнікі арганізацыі CSO Fusion правялі прэзентацыю 26-га Індэкса ўстойлівасці беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, у якім адлюстраваныя ключавыя змены, выклікі і дасягненні грамадскага сектара за 2025 год. Індэкс падрыхтаваны пры падтрымцы прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра па Беларусі.

Індэкс — гэта аналітычны інструмент, распрацаваны Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці (USAID, працавала з 1961 па 2025 год, ліквідавана адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа) для ацэнкі ўзроўню развіцця арганізацый грамадзянскай супольнасці паводле сямі параметраў устойлівасці: прававое асяроддзе, арганізацыйны патэнцыял, фінансавая ўстойлівасць, адвакатаванне, наданне паслуг, інфраструктура сектара, грамадскі імідж. Група экспертаў-ацэншчыкаў выкарыстоўвае сямібальную шкалу, дзе 7 адпавядае найбольш нізкаму ўзроўню ўстойлівасці, 1 — найбольш высокаму.

У дакуменце паведамляецца, што “ў 2025 годзе ўзровень агульнай устойлівасці беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці працягваў зніжацца і склаў 6,2 бала. Пагаршэнне было зафіксаванае па ўсіх параметрах ацэнкі індэкса, за выключэннем прававога асяроддзя, якое яшчэ ў 2021 годзе дасягнула мінімальна магчымага значэння 7,0 бала”.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: