АПК: Пры захаванні цяперашніх тэндэнцый беларуская мова хутка можа застацца толькі ў невялікіх супольнасцях, а на дзяржаўным узроўні — знікнуць

7 жніўня, Позірк. Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні распрацавала чатыры стратэгічныя дакументы, прысвечаныя мове, культуры, адукацыі і інфармацыйнай палітыцы. Яны былі прэзентаваныя 7 жніўня ў Варшаве на сайд-івэнце “Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь” у рамках канференцыі “Новая Беларусь”.
Прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі падкрэсліў: прадстаўленыя праекты — гэта “не толькі аналіз сітуацыі, але і спроба паўплываць на яе”. Таму, дадаў ён, важна, каб праца не завяршалася прэзентацыяй дакументаў, а працягвалася праз “стварэнне кааліцый, пошук партнёраў і шырокі дыялог”.
Баркоўскі прэзентаваў стратэгічны дакумент пра стан беларускай мовы, тры сцэнарыі яе будучыні і “крокі для спынення русіфікацыі”.
АПК адзначае, что “беларуская мова фармальна застаецца адной з дзяржаўных, але ўжо ўнесеная ў атлас моў ЮНЕСКА, якім пагражае знікненне”. Паводле слоў Баркоўскага, “пры захаванні цяперашніх тэндэнцый праз адно-два пакаленні яна можа застацца толькі ў невялікіх супольнасцях, а на дзяржаўным узроўні — знікнуць”.
“Гэта вынік больш як двухсотгадовай сістэмнай русіфікацыі, якая ўзмацнілася за апошнія пяць гадоў. На пачатку незалежнасці па-беларуску вучылася каля 40% школьнікаў, сёння — менш за 8%, або каля 86 тыс. дзяцей. Штогод іх становіцца на пяць тысяч менш. Пры такой дынаміцы праз 15–20 гадоў беларускамоўная школьная адукацыя можа знікнуць”, — адзначыў Баркоўскі.
АПК разглядаюцца тры сцэнарыі будучыні беларускай мовы: паскоранае знікненне, павольнае згасанне, аднаўленне.
Для апошняга, як адзначаецца, неабходныя “каардынацыя беларускай супольнасці, сінхранізацыя фрагментаваных высілкаў і ўстойлівая падтрымка моўных праектаў”. Важнай умовай аднаўлення названа “вяртанне Беларусі да рэальнай незалежнасці ў агляднай будучыні”. Тады, заяўляе кабінет, “негатыўныя працэсы яшчэ можна павярнуць назад”.
Прапануецца “свядома працаваць дзеля трэцяга сцэнарыя”. Сярод прыярытэтаў такой працы дакументам прадугледжаныя: каардынацыя беларускіх арганізацый; большае фінансаванне беларускамоўных прадуктаў і сэрвісаў; кампаніі па папулярызацыі мовы; павелічэнне долі беларускай мовы ў незалежных медыя хаця б да 45%; стварэнне поўнага цыкла беларускамоўнай адукацыі; стварэнне фонду беларускіх даследаванняў і навукі; падрыхтоўка дарожнай мапы на час дэмакратычнага транзіту.
Стратэгічнай мэтай АПК лічыць “паступовы пераход да беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і выпраўленне наступстваў рэферэндуму 1995 года”.
Пятая канферэнцыя “Новая Беларусь” праходзіць у Варшаве (сайд-івэнты — 7 жніўня, асноўная праграма — 8–9 жніўня). Штогадовае мерапрыемства, як правіла, праводзіцца ў перыяд гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь пяты месяц запар з'яўляецца аўтсайдарам у ЕАЭС па дынаміцы прамысловай вытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ ліпені Літва надала статус уцекача 12 грамадзянам БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля 15-дзённага перапынку Латвія зноў зафіксавала больш за 100 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

