Мінск 18:30

За восем дзён у міліцыю паступіла больш за 2,5 тыс. паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў

7 жніўня, Позірк. Каля 300 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў паступіла ў міліцыю за мінулыя суткі, паведаміла 7 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў.

Зарэгістравана 21 злачынства, здзейсненае з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, ініцыявана блакаванне 6 фішынгавых інтэрнэт-рэсурсаў, заблакаваная магчымасць плацяжоў у адрас 40 замежных плацежных рэквізітаў, якія выкарыстоўваюцца зламыснікамі, прыпыненыя расходныя аперацыі па 55 рахунках.

Затрыманы кур’ер, які працаваў у інтарэсах аферыстаў.

Як вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу зводак МУС, з 30 ліпеня па 7 жніўня ў міліцыю паступіла больш за 2,5 тыс. паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, затрымана 12 кур’ераў, у іх канфіскавана больш за 140 тыс. рублёў.

Ведамства не паведамляе, якія санкцыі прымяняюцца да кур’ераў. Акрамя таго, МУС не заўсёды інфармуе аб канфіскаваных у кур’ераў грошах: у штодзённых даных за восем сутак сума прыводзілася толькі аднойчы.

З 19 па 29 ліпеня ў міліцыю паступіла больш за 3,7 тыс. паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, затрымана мінімум 26 кур’ераў (з іх трое — замежнікі, чыё грамадзянства не называецца), у іх у суме канфіскавана больш за 289 тыс. рублёў.

Як паведамлялася, з 1 па 17 ліпеня ў міліцыю паступіла больш за 5 тыс. паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, затрыманы мінімум 51 кур’ер, у іх у суме канфіскавана больш за 400 тыс. рублёў. Яшчэ 500 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў паступіла ў МУС за суткі з 17 па 18 ліпеня.

Паводле даных МУС, доля кіберзлачынстваў па выніках студзеня — траўня 2026 года перавысіла траціну ўсіх зарэгістраваных у Беларусі злачынстваў і дасягнула 33,4%.

У 2023 годзе, згодна з інфармацыяй ведамства, удзельная вага кіберзлачыннасці складала 21,5%, у 2024-м — 27,5%, у 2025-м — 29,7%. У 2026 годзе штотыдзень здзяйсняецца ў сярэднім 359 кіберзлачынстваў, або больш за 50 у дзень.

Падзяліцца: