Мінск 00:14

Ціханоўская: 2020 год паказаў, што жыццё ўмее рабіць сюрпрызы

Фота: "Позірк"

9 жніўня, Позірк. “2020 год навучыў нас, што жыццё ўмее рабіць сюрпрызы”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на вулічнай акцыі да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў Варшаве 9 жніўня.

Паводле яе, “абсалютна ніхто не мог прадказаць, што столькі людзей” далучацца тады да мірных пратэстаў: “Ні эксперты, ні ўлады, ні спецслужбы. Ды і мы самі, здаецца, не ведалі, што ўсё гэта адбываецца з намі”.

“Рэжым ламаў галаву, хто выводзіць людзей на вуліцы. Хто ўсё гэта арганізаваў і хто за ўсім гэтым стаіць. Адказ быў просты: гэта былі мы самі”, — дадала кандыдат у прэзідэнты на тых выбарах.

“Калі ў некага апускаюцца сёння рукі”, Ціханоўская заклікала ўзгадваць падзеі шасцігадовай даўніны.

“Украіне таксама давалі толькі тры дні. Але на дадзены момант ужо больш за чатыры гады Украіна – не толькі выстаяла, яна сама ўжо наносіць паспяховыя ўдары па Расеі”, — сказала дэмлідар, апелюючы да расійскага прапагандысцкага штампу аб намеры хутка захапіць Кіеў.

“Слухайце, і нас з вамі хавалі не адзін раз. Казалі, што яшчэ пару месяцаў — і ўсё: што мы перасварымся, што мы раз’едземся, пра нас забудуцца. Але вось ужо, уявіце сабе, шэсць гадоў — і беларускі рух жыве, — заявіла палітык. — Прыходзяць новыя людзі, з’яўляюцца новыя ідэі, выходзяць палітвязні”.

Паводле яе, барацьба беларусаў працягваецца: “Беларускае — жывое, свабоднае — усё роўна прарасце, як бы яго ні спрабавалі задушыць. Мы проста павінны рабіць сваю справу і рыхтавацца да новага акна магчымасцяў”.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, які шэсць год таму быў дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Янкі Купалы і далучыўся да пратэстнага руху, падзякаваў за салідарнасць дзеячам культуры і нагадаў, што больш за 60 прадстаўнікоў сферы на сёння застаюцца ў няволі па палітычных матывах.

Назваўшы сенняшнюю Беларусь “вялікай турмой”, палітык заклікаў падтрымліваць ўсіх палітзняволеных.

Аляксандра Лукашэнку “цягне ў мінулае”, ён “ўсё жыццё марыць пра Савецкі Саюз”, сказаў Латушка, але моладзь “хоча жыць у вольнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі”.

Гаворачы аб рэакцыі Лукашэнкі на падзеі жніўня 2020-га, спікер заявіў: “Дзед да гэтай пары ў шоку. Ён баіцца нас. Таму ён не спыняе рэпрэсіі. Давайце памятаць, што нас большасць. <…> [Ён] панясе адказнасць за ўсё — будзе на чорных старонках гісторыі”.

Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан падкрэсліў: “Як гісторык па адукацыі я <…> падумаў пра тое, што 2020 год ужо стаў нацыянальным міфам для беларусаў. Ён стаў у адзін шэраг з паўстаннем Кастуся Каліноўскага, з абвяшчэннем незалежнасці БНР, з незалежнасцю Рэспублікі Беларусь”.

“Ужо ніхто і ніколі не зможа выкрэсліць з падручнікаў гісторыі той подзвіг”, — дадаў ён.

Нягледзячы на тое, што “старыя дзяды спрабуюць гэты час трохі адцягнуць”, спыніць рух краіны да “сапраўднай незалежнасці” і дэмакратыі немагчыма, лічыць палітык.

Падзяліцца: