Мінск 18:41

Ціханоўская заклікала беларусаў не паддавацца на вярбоўку ў армію РФ: Удзел у вайне супраць Украіны — “квіток у адзін канец”

Архіўнае фота: Mykhailo Volkov / pexels.com

12 жніўня, Позірк. Не паддавацца на вярбоўку ў войска РФ, бо гэта — “квіток у адзін канец”, заклікала беларусаў у сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Расія спрабуе ўцягнуць беларусаў у чужую, крывавую і злачынную вайну ўжо наўпрост — праз вербавальныя сайты і абяцанні грошай. Ім не хапае ўласнага “гарматнага мяса”, і цяпер яны хочуць забраць жыцці нашых мужчын, каб закрыць дзіркі на фронце”, — заявіла палітык.

Паводле яе слоў, запуск вярбовачных інтэрнэт-рэсурсаў у даменнай зоне .БЕЛ “пры папушчальніцтве або прамым садзейнічанні” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — “прамы замах на бяспеку беларускай нацыі”.

“Лукашэнка аддаў зямлю, інфраструктуру, а цяпер заплюшчвае вочы на тое, як расійскіх вярбоўшчыкаў падпускаюць да нашых грамадзян. Вярбоўка грамадзян для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы — гэта найцяжэйшае злачынства як паводле міжнароднага права, так і паводле заканадаўства самой Беларусі”, — падкрэсліла Ціханоўская.

“Расія абяцае грошы і высокія заробкі за ўдзел у чужой вайне, — адзначыла яна. — Але гэта — цынічны падман. Для расійскага камандавання любы найміт — толькі безаблічны расходны матэрыял, які адпраўляецца на самыя небяспечныя ўчасткі фронту”.

Расійскія вярбоўшчыкі клічуць беларусаў “не на службу па кантракце, а ў мясарубку”, іх “не хвалюе, што будзе з вамі і з вашымі сем’ямі”, заявіла палітык.

“Не паддавайцеся на аб’явы і абяцанні. Ніякія выплаты не вартыя вашага жыцця. Не перадавайце свае персанальныя даныя і не запаўняйце анкеты”, — заклікала Ціханоўская.

Беларусы, паводле яе слоў, “не агрэсары”: “Наша мэта — захаваць сваю краіну, зберагчы свае сем’і і не даць уцягнуць сябе ў ваенныя злачынствы. Беларускія мужчыны патрэбныя сваёй краіне жывымі”.

Пра тое, што вярбоўка беларусаў Расіяй на вайну супраць Украіны праводзіцца праз сайт “Защитник.БЕЛ”, раней паведаміў праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.

У сувязі з гэтым “Позірк” падрыхтаваў вялікі матэрыял з даследаваннем гэтай з’явы. Сярод прадстаўленых у ім высноў гаворыцца пра тое, што завербаваныя на вайну беларусы вельмі хутка гінуць ва Украіне, сярэдні тэрмін выжывання на фронце складае 130 дзён.

Падзяліцца: