Мінск 11:45

Працягвае зніжацца колькасць бязвізавых наведвальнікаў Беларусі — жыхароў еўрапейскіх краін

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

31 жніўня, Позірк. З 24 па 30 жніўня ў Беларусь у бязвізавым парадку ўехала 4.776 жыхароў еўрапейскіх дзяржаў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Для параўнання: з 3 па 9 жніўня ў бязвізавым парадку ў краіну ўехала 7.344 такіх госця, з 10 па 16 жніўня — 7.213, з 17 па 23 жніўня — 6.267.

За мінулы тыдзень у Беларусь прыбыло 1.715 грамадзян Літвы (тыднем раней — 2.088), 1.364 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі (1.791), 721 грамадзянін Польшчы (926), 976 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спіса пашыранага бязвізу (1.462).

З сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь наведаў 1.422.851 жыхар Еўропы. З Латвіі прыбыло 453.273 замежнікі, Літвы — 720.436, Польшчы — 159.301. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь уехаў 89.841 чалавек.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Андоры, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: