Мінск 14:56

Коўл разлічвае вызваліць у сярэдзіне верасня яшчэ 200-300 беларускіх палітвязняў

Джон Коўл
Архіўнае фота: "Позірк"

30 жніўня, Позірк. 200-300 палітвязняў разлічвае вызваліць у сярэдзіне верасня спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл. Гэта вынікае з апублікаванага 29 жніўня яго інтэрв’ю “Голасу Амерыкі“, сайт якога беларускія ўлады праз пастанову суда Ленінскага раёна Магілёва ад 27 сакавіка 2026 года прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

“Праз пару тыдняў я зноў збіраюся паехаць у Беларусь і спадзяюся дамагчыся вызвалення яшчэ большай колькасці палітвязняў. Думаю, што мне гэта ўдасца”, — сказаў Коўл.

“Мы дамагліся вызвалення пяцісот [палітвязняў], затым яшчэ каля двухсот было вызвалена. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700-800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесці яе да тысячы”, — заявіў спецпрадстаўнік Трампа.

Ён адзначыў, што быў у Мінску “ужо пяць ці шэсць разоў“. “І кожны раз, калі я прыязджаю, мы вядзем перамовы, і людзі выходзяць на волю. Адна з тэм, якую я абмяркоўваў з Лукашэнкам, і ў чым мы з ім пэўна згодныя, — гэта нармалізацыя стасункаў. Мы павінны працаваць у гэтым кірунку. Думаю, за апошні год мы зрабілі важныя крокі да паляпшэння стасункаў з Беларуссю і рухаемся ў правільным кірунку“, — адзначыў Коўл.

На яго думку, “амаль усе самыя вядомыя зняволеныя былі вызваленыя”. “Мне таксама ўдалося дамовіцца аб вызваленні многіх удзельнікаў падзей 2020 года, якія змаглі застацца ў Беларусі і вярнуцца дадому. Для мяне гэта было вельмі важна. Людзі вярнуліся дадому, да сваіх сем’яў. Гэта рэальны вынік, і гэтае пытанне па-ранейшаму застаецца часткай нашых перамоваў“, — падкрэсліў прадстаўнік амерыканскага прэзідэнта.

Ён паведаміў, што падтрымлівае кантакты з “літоўцамі, палякамі“, спрабуе “наладзіць стасункі паміж усімі, хто можа зрабіць унёсак ва ўрэгуляванне сітуацыі“.

Апошні раз Коўл быў у Мінску ў сакавіку. Вынікам стала вызваленне 250 палітвязняў, з якіх толькі 15 было выслана за мяжу, як гэта было з усімі астатнімі, каго выпускалі па выніках перамоваў з Вашынгтонам (за выключэннем Мікалая Статкевіча). Узамен ЗША адмянілі некаторыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

28 красавіка на беларуска-польскай мяжы адбыўся шматбаковы абмен “5 на 5“. Сярод вызваленых быў палітвязень, беларускі журналіст польскага паходжання Анджэй Пачобут.

У той жа дзень на прэс-канферэнцыі ў Варшаве Коўл анансаваў чарговую паездку ў Беларусь “праз два-тры тыдні“ і падкрэсліў, што ЗША нацэленыя на вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі. Візіт дагэтуль не адбыўся.

27 жніўня ў Маскве Коўл атрымаў прыз “За выратаванне жыццяў” прэміі “Камертон” імя Ганны Паліткоўскай.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра гатоўнасць заключыць “вялікую ўгоду” з Вашынгтонам. Упершыню ён пра гэта сказаў 14 кастрычніка 2025 года на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх стасункаў.

Сёлета 20 сакавіка, распавядаючы сваім прапагандыстам пра перамовы з амерыканцамі, Лукашэнка зноў казаў пра “вялікую ўгоду“ з ЗША: “Мы гатовыя, Дональд прапануе вялікую ўгоду і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца”.

30 сакавіка Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Лукашэнкам на другім пасяджэнні Савета міру. На першае ў лютым той не паехаў.

28 ліпеня на сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў арганізацыі Аб’яднаных Нацый Валянцінам Рыбаковым Лукашэнка назваў “нядрэннымі” дынаміку і перспектывы беларуска-амерыканскіх стасункаў.

Рыбакоў пасля сустрэчы паведаміў, што ягоныя “сустрэчы са спадаром Коўлам“ праходзяць “фактычна раз на 7-10 дзён“, з “іншымі прадстаўнікамі амерыканскага боку“ — “па неабходнасці”.

“Мы абмяркоўваем тыя пытанні, якія можам вырашыць у двухбаковых адносінах, наступныя крокі, якія абодва бакі могуць і павінны зрабіць пасля яго папярэдняга візіту“, — адзначыў дыпламат.

“Магчыма, гаворка пойдзе пра нейкія наступныя візіты, цяпер не буду агучваць канкрэтныя рэчы або даты“, — дадаў ён.

Паводле слоў Рыбакова, некалькі дзён таму на адрас Лукашэнкі “былі сфармуляваныя чарговыя пэўныя прапановы з боку ЗША”. Той “даў адпаведныя даручэнні тым структурам, якія займаюцца рэалізацыяй гэтых прапаноў (пры ўмове і калі яны будуць рэалізаваныя)“.

Пастаянны прадстаўнік адзначыў, што праз некалькі дзён плануе вярнуцца ў Нью-Ёрк і сустрэцца з Коўлам, якому будзе перададзена пасланне Лукашэнкі.

Падзяліцца: