Мінск 13:20

Прыватная кампанія атрымала ад мінскага энергапрадпрыемства больш за 200 тыс. рублёў за “арэнду” супрацоўнікаў, якія не з’яўляліся на аб’ектах — КДК

Ілюстрацыйнае фота: multifacetedgirl / pixabay.com

31 жніўня, Позірк. Факты фіктыўнага аказання паслуг аўтстафінгу (“арэнды” супрацоўнікаў), за якія дзяржаўнае прадпрыемства выплаціла больш за 200 тыс. рублёў, выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, сталічнае прадпрыемства энергетычнай сферы “прыцягнула на падставе дагавораў аўтстафінгу работнікаў прыватнай арганізацыі, якія павінны былі выконваць будаўнічыя работы на аб’ектах беларускай энергасістэмы”.

“Разам з тым, у многіх выпадках работнікі фактычна не з’яўляліся на аб’ектах, — гаворыцца ў паведамленні. — Пры гэтым кіраўнік прыватнай арганізацыі, якая прадастаўляла паводле дагавораў аўтстафінгу гэтых работнікаў, уключаў у акты аказання паслуг ілжывыя звесткі пра адпрацаваны імі час. У выніку дзяржпрадпрыемства неабгрунтавана аплаціла больш за 200 тыс. рублёў”.

Апытанне некаторых работнікаў паказала, што яны “нават не былі ў тых гарадах, дзе месціліся будаўнічыя аб’екты”. Таксама былі выяўленыя выпадкі, “калі адзін і той жа наняты спецыяліст адначасова ўключаўся ў акты аказання паслуг за адзін і той жа перыяд, але на розных аб’ектах і ў розных гарадах”.

У дачыненні да ўласніка прыватнай кампаніі распачатая крымінальная справа. “Неабгрунтавана атрыманыя грашовыя сродкі” вернутыя дзяржпрадпрыемству, паведаміў КДК.

Падзяліцца: