Мінск 17:22

Вяртанне ў Беларусь “нясе велізарную рызыку“ для Пачобута — намеснік кіраўніка МУС Польшчы

Анджэй Пачобут у польскім Ольштыне
Архіўнае фота: radioolsztyn.pl

1 верасня, Позірк. Вяртанне ў Беларусь экс-палітвязня, журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута “нясе вялікую рызыку для яго”, заявіў 1 верасня ў інтэрв’ю польскаму радыё RMF FM намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочак.

Паводле прадстаўніка ведамства, ён паважае асабістае рашэнне Пачобута, “але з пункту гледжання стасункаў з беларускім рэжымам гэтае становішча для Польшчы цяжкае“.

На думку Мрочака, пасля многіх гадоў у турме “існуе рызыка таго, што <…> Пачобут зноў можа патрапіць туды“.

Разам з тым, падкрэсліў ён, Варшава “не будзе адчуваць сябе вызваленай ад абароны“ актывіста ў выпадку ягонага вяртання на радзіму.

“Мы заўсёды будзем сачыць за інтарэсамі палякаў, якія пражываюць у Беларусі, — дадаў намеснік кіраўніка міністэрства. — Мы будзем у адносінах з Мінскам рабіць стаўку на выкананне правоў чалавека і грамадзяніна. І гэта, вядома, не аблегчыць стасункі Польшчы з беларускім рэжымам“.

Пра тое, што яго планы па вяртанні ў Беларусь не змяніліся, Пачобут заявіў на фестывалі “Кампус Польшча Будучыні“ (Campus Polska Przyszłości) 27 жніўня ў Ольштыне.

“Ніхто не дасць мне ніякіх гарантый, як будуць паводзіць сябе ўлады Беларусі“, — адзначыў актывіст, дадаўшы, што ўсведамляе ўсе рызыкі.

53-гадовы журналіст і актывіст быў выпушчаны на волю і вывезены з Беларусі ў Польшчу 28 красавіка. Ён быў у ліку асуджаных, якіх дэмакратычныя краіны вызвалілі ў рамках абмену з Беларуссю і РФ па схеме “пяць на пяць“.

У траўні Пачобут паведаміў, што афіцыйна быў памілаваны, хаця не пісаў прашэння пра гэта.

Намер вярнуцца ў краіну ён дэклараваў адразу пасля вызвалення, паведаміўшы, што папрасіў аб адпаведных гарантыях з боку Мінска: “Прывялі чыноўніка з Адміністрацыі прэзідэнта і патэлефанавалі польскаму часоваму паверанаму ў справах. Я спытаўся, ці магу я вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў гэта. Беларускія чыноўнікі таксама пацвердзілі гэта“ (цытата ад 28 красавіка).

Выступаючы ў Сенаце Польшчы 20 траўня, Пачобут заявіў, што вернецца ў Беларусь не пазней за верасень.

3 траўня прэзідэнт Караль Наўроцкі ўручыў яму вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду — Ордэн Белага Арла. 

Падзяліцца: