Прадстаўнік АПК Баркоўскі выказаўся за скарачэнне дапамогі незалежным СМІ — на іх абарону выступіў дарадца Ціханоўскай Вячорка

4 верасня, Позірк. За скарачэнне фінансавання незалежных беларускіх СМІ ў выгнанні выказаўся прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі. Яму завочна запярэчыў Франак Вячорка, галоўны дарадца дэмакратычнага лідара, кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай.
3 верасня на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Баркоўскі апублікаваў артыкул “Ціханоўскі і Паражня”, у якім прызваў журналістаў як чацвёртую ўладу да адказнасці. Ён папракнуў СМІ ў страце аб’ектыўнасці ў падачы інфармацыі, а таксама самаўласным вызначэнні, што “важна ці неважна для аўдыторыі”.
“Напампоўка незалежных СМІ грашыма часта вядзе да таго, што ў прафесіі круцяцца не заўжды тыя людзі, якія наогул разумеюць, што такое журналістыка і якія ў ёй існуюць патрабаванні і стандарты. Часам сапраўды ўзнікае жаданне папрасіць на ўзроўні Еўракамісіі скараціць датацыі медыя з тых 15 мільёнаў на год (з 30 агульных на беларускую грамадзянскую супольнасць), каб з незалежных рэдакцый прынамсі сышла пена і ў прафесіі засталіся збольшага прафесіяналы і сышлі выпадковыя людзі. Можа і сапраўды б такі дарвінізм пазітыўна адбіўся на культуры незалежнай журналістыкі, бо калі яе паасобныя матэрыялы пачынаюць параўноўваць з творамі беларускай прапаганды — гэта ўжо дыягназ сур“ёзнай хваробы”, — напісаў прадстаўнік АПК.
“Нашая афіцыйная пазыцыя, усіх інстытутаў дэмакратычных сілаў у падтрымку незалежных мэдыя застаецца непахіснай і зафіксавана ў апошняй супольнай рэзалюцыі. Усё астатняе — меркаванні асобных людзей”, — заявіў журналістам Франак Вячорка.
У рэзалюцыі, ухваленай на канферэнцыі “Новая Беларусь” у жніўні ў Варшаве, змешчаны заклік прызнаць устойлівасць незалежных беларускіх СМІ адным з неабходных элементаў міжнароднай палітыкі падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. У дакуменце гаворыцца пра неабходнасць забяспечыць доўгатэрміновае інстытуцыянальнае фінансаванне медыясектара, што павінна забяспечваць фінансавую ўстойлівасць пры безумоўным захаванні рэдакцыйнай незалежнасці.
Таксама дэмсілы заклікаюць забяспечыць беларускім незалежным СМІ доступ да еўрапейскіх праграм падтрымкі інфармацыйнай устойлівасці, даследавання дэзынфармацыі і прафесійнага супрацоўніцтва.
“Устойлівыя і рэдакцыйна незалежныя беларускія медыя неабходныя для доступу грамадства да праверанай інфармацыі, захавання свабоднай публічнай дыскусіі, беларускай мовы і культуры, супрацьдзеяння прапагандзе і пабудовы дэмакратычнай Беларусі”, — адзначаецца ў дакуменце.
У заяве нагадваецца, што пасля 2020 года рэжым Лукашэнкі амаль цалкам знішчыў свабодную журналістыку ўнутры краіны. Дзясяткі рэдакцый былі ліквідаваныя, сотні журналістаў апынуліся ў турмах або выгнанні. Нягледзячы на гэта, незалежныя СМІ працягваюць інфармаваць беларусаў, дакументаваць рэпрэсіі, парушэнні правоў чалавека, карупцыю і іншыя злоўжыванні, якія маюць грамадскае значэнне, захоўваць беларускую мову і культуру, падтрымліваць сувязь паміж беларусамі ў краіне і за мяжой, а таксама супрацьстаяць прапагандзе.
Першапачаткова дыскусія пра ролю незалежных СМІ ў грамадстве, а таксама пра іх фінансванне міжнароднымі донарамі пачалася паміж былым палітзняволеным, блогерам Сяргеем Ціханоўскім і часткай незалежных СМІ. Ціханоўскі ў рэзкай форме выступіў супраць фармулёвак, якімі апісваецца і аналізуецца яго жыццё. Незалежныя СМІ настойваюць на сваім праве крытычна ацэньваць дзейнасць Ціханоўскага і іншых палітыкаў.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зняволенні знаходзяцца не менш за 20 супрацоўнікаў СМІ. На многіх з тых, хто эміграваў, заведзеныя крымінальныя справы.

- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: Мы спадзяемся, што наступная група палітвязняў будзе вызваленая ў бліжэйшыя тыдніМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаНайвялікшы ўзровень малазабяспечанасці — у Гомельскай і Магілёўскай абласцяхМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаДа канца 2030 года ў Беларусі плануецца ўзвесці каля 30 аб'ектаў па перапрацоўцы адходаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСутачная колькасць спробаў незаконна пранікнуць з Беларусі ў ЕС зноў перавысіла 100Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка

