Мінск 13:23

Мінск і Ашхабад абмеркавалі магчымасць падрыхтоўкі ў 2027/2028 навучальным годзе грамадзян Туркменістана ў ВНУ Беларусі па “запатрабаваных спецыяльнасцях”

Ілюстрацыйнае фота: Racool Studio / magnific.com

1 кастрычніка, Позірк. Стан і перспектывы развіцця супрацы ў сферы адукацыі абмеркаваў 30 верасня з намеснікам міністра замежных спраў Туркменістана Мяхры Бяшымавай амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Станіслаў Чапурны.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства Беларусі, пытанне тычылася ў тым ліку магчымасцей падрыхтоўкі ў 2027/2028 навучальным годзе “туркменскіх грамадзян у вышэйшых навучальных установах Беларусі па запатрабаваных спецыяльнасцях”.

Згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, апублікаванымі ў сярэдзіне ліпеня 2026-га, у ВНУ Беларусі на пачатак 2025/2026 навучальнага года навучалася 24.584 студэнты і магістранты — замежныя грамадзяне. У табліцы з разбіўкай па краінах (пералічаныя не ўсе) Белстат на першы радок змясціў менавіта Туркменістан. Паводле даных ведамства, на пачатак мінулага навучальнага года ў краіне навучалася 7.968 студэнтаў і магістрантаў — туркменскіх грамадзян.

У красавіку 2026 года прэс-служба Міністэрства адукацыі паведаміла, што на той момант у беларускіх установах вышэйшай адукацыі навучалася больш за 37 тыс. замежных студэнтаў са 119 краін свету.

Падзяліцца: