Мінск 21:26

66-гадовы кіроўца загінуў на трасе М1 у Кобрынскім раёне — адчуў сябе дрэнна, з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў дрэва

Фота: УУС Брэсцкага аблвыканкама

26 кастрычніка, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні ў Кобрынскім раёне паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

ДТЗ здарылася каля 14:00 26 кастрычніка.

“66-гадовы жыхар Кобрына кіраваў аўтамабілем “Фальксваген” і рухаўся па аўтадарозе М1/Е30 Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі ў кірунку Брэсце”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле папярэдняй інфармацыі, на 77-м кіламетры названай аўтадарогі кіроўцу стала дрэнна, у выніку чаго ён “з’ехаў у левы па ходзе руху кювет і дапусціў наезд на дрэва”.

У выніку ДТЗ кіроўца загінуў.

26 кастрычніка МУС паведаміла, што за мінулыя выходныя ў Беларусі зарэгістравана 24 ДТЗ, у якіх тры чалавекі загінулі, 30 атрымалі траўмы (у тым ліку пяць дзяцей).

У 2025 годзе колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: