Мінск 23:08

Двое беларусаў абвінавачваюцца ў здзяйсненні дыверсіі ў Румыніі

Фота: pixabay.com

26 кастрычніка, Позірк. Двое грамадзян Беларусі і грамадзянін Украіны абвінавачваюцца ў Румыніі ў здзяйсненні дыверсіі ў складзе групы, вынікае з апублікаванага 26 кастрычніка паведамлення Упраўлення па расследаванні арганізаванай злачыннасці і тэрарызму гэтай краіны (DIICOT).

Адзначаецца, што беларусы і ўкраінец пражываюць у Еўрасаюзе. Расследаванне ў дачыненні да іх было пачата ў верасні 2026 года — пасля пажару на прамысловай пляцоўцы пад Брашовам (цэнтральная частка краіны) каля офіса кампаніі CARFIL SA (прадпрыемства нацыянальнага абароннага холдынгу ROMARM).

Паводле матэрыялаў справы, грамадзяне Беларусі і ўкраінскі грамадзянін датычныя да ўзнікнення пажару.

Двое падазраваных затрыманыя па пастанове суда. Гэта адбылося на тэрыторыі Германіі, дзе, як заяўляецца, яны рыхтаваліся “да здзяйснення аналагічных дзей”.

26 кастрычніка выдадзены ордэр на арышт трэцяга падазраванага, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.

Паведамляецца, што цяпер “робяцца неабходныя крокі для экстрадыцыі траіх абвінавачаных у Румынію”.

З матэрыялаў справы таксама вынікае, што “трое абвінавачаных цэліліся і ў іншыя аб’екты на тэрыторыі Румыніі і іншых дзяржаў ЕС”.

“У цяперашніх умовах рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі, якія характарызуюцца распаўсюджваннем тактык гібрыднай вайны, ажыццяўляецца пастаянны маніторынг развіцця асіметрычных рызык, здольных паўплываць на грамадскі парадак або аб’екты стратэгічнага значэння ў Румыніі”, — гаворыцца ў паведамленні.

У ноч на 5 жніўня ў закрытай зоне аэрапорта ў Лейпцыгу быў знойдзены БПЛА з зарадам выбухоўкі. Ён знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад украінскіх грузавых самалётаў Ан-124 “Руслан”, якія выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі зброі і боепрыпасаў для патрэб Сіл абароны Украіны.

2 верасня паведамлялася, што нямецкія следчыя ўстанавілі асобы двух падазраваных у планаваным нападзе на ўкраінскі транспартны самалёт у аэрапорце Лейпцыга, сярод іх — жыхар Беларусі. Пазней быў устаноўлены яшчэ адзін датычны да дыверсіі беларус.

Акрамя таго, жыхар Беларусі, які падазраецца ў няўдалай атацы на ўкраінскі транспартны самалёт Ан-124 “Руслан” у нямецкім аэрапорце, можа быць звязаны з дыверсіяй, якая адбылася ў 2024 годзе ў польскай Лодзі.

17 верасня італьянскае выданне Il Riformista паведаміла пра расследаванне пракуратуры ў дачыненні да расійскіх дыпламатаў з Італіі, якія збіралі ў Еўропе адчувальную інфармацыю і спрабавалі вербаваць грамадзян Беларусі для здзяйснення дыверсій.

Падзяліцца: