Эксперты Савета Еўропы: Сістэма процідзеяння гандлю людзьмі ў Беларусі мае сур’ёзныя недахопы
4 лістапада, Позірк. Аб сур’ёзных недахопах у сістэме процідзеяння гандлю людзьмі ў Беларусі гаворыцца ў апублікаваным 4 лістапада дакладзе групы экспертаў Савета Еўропы па барацьбе з гандлем людзьмі (GRETA).
Паводле ўдакладненых звестак, у 2022-2025 гадах афіцыйна выяўлена 1.161 ахвяра гандлю людзьмі і звязаных з ёй злачынстваў, у тым ліку 685 дзяцей (59%). Пераважная большасць пацярпелых (96,6%) зведалі сексуальную эксплуатацыю, 86% эксплуатаваліся на тэрыторыі Беларусі.
Пры гэтым у 2022-2024 гадах суды разгледзелі толькі адну справу непасрэдна аб гандлі людзьмі. Двум пацярпелым прысуджана кампенсацыю па 25 тыс. рублёў, аднак звестак аб фактычным атрыманні грошай няма. Пры гэтым, як адзначана ў дакладзе, бясплатнай юрыдычнай дапамогай прафесійных адвакатаў не скарыстаўся ніхто.
GRETA занепакоеная адсутнасцю дзяржаўнай сістэмы кампенсацый, недастатковай незалежнасцю адвакатуры і складанасцямі з прыцягненнем вінаватых да адказнасці.
Асобна адзначаецца, што сярод дзясяткаў тысяч мігрантаў, якія прыбывалі ў Беларусь з 2021 года і спрабавалі трапіць у Еўразвяз, беларускія органы не выявілі ніводнай ахвяры гандлю людзьмі. Пры гэтым літоўская няўрадавая арганізацыя паведаміла прыкладна пра 150 меркаваных пацярпелых, якія падвергліся эксплуатацыі ў Беларусі.
Эксперты паказваюць на ўразлівасць замежных работнікаў, залежных ад наймальнікаў. У дакладзе таксама прыводзіцца гісторыя беларускі, якую на падставе працаўладкавання ў Тайландзе вывезлі ў М’янму і прымушалі ўдзельнічаць у інтэрнэт-махлярстве.
Адзначаецца, што ў 2025 годзе ў Беларусі зачыніўся адзіны спецыялізаваны рэабілітацыйны цэнтр для ахвяр гандлю людзьмі. GRETA таксама звязвае паслабленне сістэмы дапамогі з ліквідацыяй уладамі шэрагу грамадскіх арганізацый пасля 2020 года.
Эксперты рэкамендуюць Беларусі палепшыць выяўленне пацярпелых, забяспечыць ім юрыдычную дапамогу і кампенсацыі, абараніць працоўных мігрантаў і прыняць асобны нацыянальны план процідзеяння гандлю людзьмі.
Даклад ахоплівае перыяд пасля папярэдняга раўнда маніторынгу 2022 года і ўлічвае падзеі па 26 чэрвеня 2026-га.
Падрабязны аналіз дакладу “Позіркам” даступны па спасылцы.
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



