Мінск 15:15

Лукашэнка раскрытыкаваў АБСЕ і прадказаў ААН лёс Лігі нацый

Неафіцыйны сцяг Лігі нацый, якая канчаткова спыніла існаванне ў 1946 годзе
Ілюстрацыя: Martin Grandjean / wikimedia.org

3 лістапада, Позірк. З крытыкай шэрагу міжнародных структур, уключаючы Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўразійскі эканамічны саюз і БРІКС, выступіў Аляксандр Лукашэнка 3 лістапада на IV штогадовай “Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы”.

“На жаль, сёння сіла міжнароднага права пры патуранні і маўклівай згодзе міжнародных інстытутаў пакуль цалкам саступае праву сілы, — сцвярджае ён. — У першую чаргу гэта тычыцца Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пры ўсёй павазе да гэтай арганізацыі шмат гаворыцца, але практычна нічога не робіцца. У свой час Ліга нацый, на змену якой прыйшла ААН, распалася праз сваю няздольнасць прадухіліць Другую сусветную вайну. Баюся, што ААН наканаваны такі ж лёс. Не хацелася б”.

“Ні для каго не сакрэт, што сёння ў апараце арганізацыі верхаводзяць заходнія чыноўнікі. Нядзіўна, што яе парадак дня не адпавядае інтарэсам глабальнай большасці. Пануюць разгубленасць і нявызначанасць, а ад духу салідарнасці не засталося і следу. Цалкам лагічна, што ў гэтых умовах краіны імкнуцца да рэгіянальных аб’яднанняў, дзе можна вырашыць праблемы разам з аднадумцамі”, — дадаў ён.

Пры гэтым спікер прызнаў, што не можа сказаць, нібыта цяпер расце значэнне ШАС, БРІКС, ЕАЭС ды іншых рэгіянальных пляцовак: “Там таксама нейкі мляваплынны парадак дня і паводзіны яе членаў”.

У той жа час АБСЕ “магла б нармальна працаваць, калі б ёй дазволілі”. Беларусь прапануе арганізацыі “аб’яднаўчы парадак дня”, сказаў Лукашэнка, пералічыўшы кірункі, якія варта ўключыць у працу: кантроль над узбраеннямі, лёгкая стралковая зброя, міны ды інш.

“Тэмы жыццёва важныя для ўсёй прасторы АБСЕ і патрабуюць самага грунтоўнага абмеркавання. І тады арганізацыя, як і задумвалася, стане прыкладам у глабальным кантэксце, — заявіў ён. — Што далей казаць, калі ў нашым доме ідзе вайна? Я сустракаўся з кіраўніком і генеральным сакратаром АБСЕ. Яны гэта там разумеюць. Усе чыноўнікі, якіх мы туды пасадзілі і плацім грошы, гэта разумеюць, але нічога зрабіць не могуць. Мы абмяркоўвалі сённяшнія выбары ў ЗША, куды АБСЕ на парог не пусцілі. З задавальненнем яны прыязджаюць да нас, у Расійскую Федэрацыю, загадзя рыхтуюць даклады. Я таксама ім пра гэта сказаў. Пішуць даклады і пасля няважна, як гэтыя выбары прайшлі. Пры чым тут выбары і АБСЕ? Нібыта правы чалавека”.

Палітык выказаўся наконт таго, што ЗША ўпершыню з 2002 года не запрасілі назіральнікаў АБСЕ на прамежкавыя выбары ў Кангрэс 3 лістапада: “У Амерыку на парог не пусцілі. Я ім проста сказаў — мы цяпер займаем у Беларусі паўстрыманую пазіцыю, калі так можна сказаць, хоць заўсёды выказваліся пэўна. А навошта нас туды, на парог, у Амерыку пускаць, калі <…> ва ўласным доме ідзе вайна, іншыя канфлікты, узбраенні, да новых канфліктаў рыхтуемся. Ва ўласным доме парадак навесці не можам. Навошта мы ў Амерыку лезем?”

З іншага боку, заўважыў ён, “амерыканцы з АБСЕ <…> гатовыя ў любы момант прыехаць і паказаць, дзе <…> [у Беларусі] пад плотам валяюцца правы чалавека”.

На сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Ферыдунам Сінірліаглу 3 лістапада ў Мінску Лукашэнка заявіў, што ўлады Беларусі будуць змагацца за тое, каб АБСЕ “вярнулася да сваіх прафесійных абавязкаў і працавала ў кірунку бяспекі і супрацы”.

Раней намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка назваў нелагічным візіт Сінірліаглу ў Мінск, але ў той жа час папрасіў яго ўзняць пытанне палітвязняў.

Візіт у Мінск генеральнага сакратара АБСЕ анансаваў 30 кастрычніка намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта. Тады было заяўлена, што Сінірліаглу наведае IV штогадовую “Мінскую міжнародную канферэнцыю па еўразійскай бяспецы” 3–4 лістапада.

27 верасня 2025 года міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў, што калі ААН не зменіцца, яе чакае лёс Лігі нацый, якая не змагла прадухіліць новую сусветную вайну і была скасаваная пасля Другой сусветнай.

15 чэрвеня 2023 года Лукашэнка назваў ААН “дыпламатычным казіно, дзе верхаводзяць заходнія дзялкі”, і заявіў, што Захад “пакуль пануе” ў арганізацыі.

Падзяліцца: