Мінск 10:45

У Беларусі грамадзяніна Украіны асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі — верагодна, ён фатаграфаваў ваенную тэхніку

17 лістапада, Позірк. Пра вынясенне прысуду 23-гадоваму грамадзяніну Украіны Максіму Сяменчанку паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Акрамя двух гадоў пазбаўлення волі, яму прызначаны штраф у памеры 22,5 тыс. рублёў.

Як адзначаецца, працэс у Мінскім гарадскім судзе прайшоў яшчэ ў жніўні, аднак пра вынікі стала вядома толькі цяпер.

“У чым менавіта абвінавацілі ўкраінца — невядома. Падставай для яго крымінальнага пераследу маглі стаць дзеянні, звязаныя з перадачай каля трох гадоў таму фатаграфій ваеннай тэхнікі ў чаты, звязаныя з Узброенымі сіламі Украіны”, — адзначаюць праваабаронцы.

Сяменчанка быў затрыманы 25 красавіка 2026 года. Да суда ён знаходзіўся ў СІЗА № 6 у Баранавічах (Брэсцкая вобласць).

Паводле звестак “Вясны”, у пачатку кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў пададзеную апеляцыю без задавальнення. Фігуранта этапавалі ў папраўчую калонію № 22 (пас. Воўчыя Норы, Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці).

Паводле звестак праваабаронцаў, у зняволенага “ёсць захворванні, якія патрабуюць медыкаментознага лячэння”. На гэты момант ім невядома, ці атрымлівае ён неабходную дапамогу ў калоніі.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі даў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну зімой і вясной 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў.

Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага ваенна-прамысловага комплексу. 

Падзяліцца: