be
Arrow
Мінск 23:29

Міжнародная асацыяцыя бокса, якая дазволіла беларусам спаборнічаць з дзяржсімволікай, выключаная са складу МАК

22 чэрвеня, BPN. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) па выніках праведзенай 22 чэрвеня пазачарговай анлайн-сесіі выключыў са складу арганізацыі Міжнародную асацыяцыю бокса (IBA). Пра гэта паведамляе
прэс-служба арганізацыі.

Адзначаецца, што рашэнне “заснавана на ўсёабдымнай справаздачы МАК аб сітуацыі ў IBA”.

Выключэнне баксёрскай асацыяцыі падтрымалі 69 удзельнікаў сесіі пры адным голасе супраць.

Пры гэтым МАК рэкамендаваў захаваць бокс у праграме Алімпійскіх гульняў 2024 года.

Паўнамоцтвы IBA ў складзе МАК былі прыпыненыя ў 2019 годзе. Улетку 2022 года турніры пад эгідай асацыяцыі страцілі кваліфікацыйны статус пры адборы на Алімпіяду.

У кастрычніку 2022 года рада дырэктараў IBA адмяніла забарону на ўдзел у спаборніцтвах пад сваёй эгідай для спартсменаў з Беларусі і Расіі.

“Мы цвёрда перакананыя, што палітыка не павінна мець ніякага ўплыву на спорт. Такім чынам, усім спартсменам павінны быць прадастаўлены роўныя ўмовы”, – заяўлялася ў паведамленні на сайце асацыяцыі.

Падкрэслівалася, што “і расійская, і беларуская каманды змогуць выступіць [у спаборніцтвах] пад сваімі сцягамі, а ў выпадку заваявання залатога медаля прагучаць нацыянальныя гімны”.

З 2020 года Міжнароднай асацыяцыяй бокса кіруе расіянін Умар Крамлёў. Раней ён займаў пасаду генеральнага сакратара федэрацыі бокса Расіі. Асноўную частку выдаткаў IBA пакрывае спонсарская ўгода з расійскай кампаніяй “Газпрам”.

Вядома, што ў 2013 годзе Крамлёў уступіў у шэрагі чальцоў пракрамлёўскага байкер-клуба “Начныя ваўкі”, але пазней пакінуў яго. Раней ён таксама быў адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі РФ.

Забарона на міжнародныя выступы беларускіх і расійскіх баксёраў была накладзеная неўзабаве пасля 24 лютага, калі Расія, выкарыстоўваючы тэрыторыю Беларусі, развязала вайну з Украінай.

28 лютага 2022 года МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуліся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня гэтага года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз ягоны пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.

Пры гэтым павінен быць
выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты змогуць спаборнічаць “у якасці
індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі
сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых
дзеянняў” і не маюць дзеючых кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі
сваіх краін.

Падзяліцца: