Мінск 02:55

Эксперт BEROC прагназуе ў кастрычніку рэзкае паскарэнне гадавой інфляцыі

8 жніўня, Позірк. Паскарэнне квартальнай інфляцыі, верагодна, будзе назірацца ўжо ў бягучым, трэцім квартале, але гадавая, хутчэй за ўсё, пачне паскарацца з пачатку наступнага — з кастрычніка. Такое меркаванне выказаў эксперт даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык, прадстаўляючы 8 жніўня ў Вільнюсе прагноз па манетарным асяроддзі.

“У трэцім квартале будуць пройдзены лакальныя мінімумы паблізу 2–2,5%, з кастрычніка будзе рэзкае паскарэнне гадавой інфляцыі, — сказаў ён. — Пад канец года базавы прагноз — 5–7%. Налета рост цэн паводле базавага прагнозу складзе 7–10%, калі Нацыянальны банк будзе паступова пераходзіць ад мяккай грашова-крэдытнай палітыкі да нейтральнай”.

Калі Нацбанк паставіў перад сабой мэту па інфляцыі на наступны год у межах 5–6%, то, паводле слоў эксперта, да ўзмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі трэба пераходзіць ужо зараз, каб нейтралізаваць назапашаны праінфляцыйны ціск.

Харытончык мяркуе, што ва ўмовах “паступовага назапашвання праінфляцыйнага ціску і ўзмацнення рызык для інфляцыі” бліжэй да канца 2023-га або ў пачатку 2024 года рэгулятар “можа пачаць паступова вяртацца да актыўнага рэгулявання ліквіднасці банкаўскай сістэмы”, што прадугледжвае “паступовы пераход манетарнай палітыкі ад празмерна мяккага стану да нейтральнага”. У выніку стаўка міжбанкаўскага рынку ў 2024 годзе будзе ў дыяпазоне 9–11%, вырастуць стаўкі па ўкладах і валютных крэдытах.

На думку эксперта, у трэцім квартале беларускі рубель застанецца пераацэненым, але ў чацвёртым чакаецца “змяншэнне гэтай пераацэненасці”. “Зараз паступова фарміруюцца перадумовы да паслаблення беларускай валюты, шмат у чым звязаныя з верагодным пагаршэннем стану сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі”, — сказаў ён.

Рызыку для манетарнага асяроддзя і дынамікі інфляцыі эксперт бачыць у “працяглым спалучэнні татальнага цэнавага кантролю і мяккай грашова-крэдытнай палітыкі”, паколькі “такі мікс палітыкі будзе весці да назапашвання інфляцыйнага навеса, што можа выклікаць дастаткова моцныя макраэканамічныя карэкціроўкі ў будучыні”.

Пад інфляцыйным навесам, растлумачыў Харытончык, разумеецца “адкладзены, назапашаны патэнцыйны рост цэн”. Ён звярнуў увагу на адзін з апублікаваных рэгулятарам графікаў, згодна з якім вядомая пастанова ўрада № 713 стрымлівала рост цэн не толькі ў чацвёртым квартале 2022 года, але таксама ў першым і другім кварталах 2023-га.

“Калі мы прымем тлумачэнне ўрада, што да кастрычніка мінулага года цэны ў нас былі завышанымі, нераўнаважкімі, а прыняцце пастановы <…> прывяло да карэкціроўкі цэн, значыць, уплыў цэнавага кантролю на інфляцыю павінен быў мець месца толькі ў чацвёртым квартале 2022 года, — адзначыў эксперт. — Калі гэтая пастанова не стрымлівае штучна рост цэн (гэта значыць яны могуць справядліва расці ўслед за ростам выдаткаў), то ўплыву на квартальную інфляцыю ў першым і другім квартале бягучага года быць не павінна. Нацбанк жа фактычна кажа, што ён быў і быў значным”.

“Таму цалкам магчыма, што ўжо зараз сфарміраваны інфляцыйны навес — адкладзены патэнцыял росту цэн. <…> Паводле маіх разлікаў, яго можна ацаніць ад 1,5% да 6% па выніках другога квартала 2023 года. Пакуль гэта не крытычна. Але калі Нацбанк захавае бягучыя падыходы да манетарнай палітыкі, [калі] яна будзе заставацца мяккай, то інфляцыйны навес будзе назапашвацца пры любым раскладзе ў адносінах да палітыкі цэнавага кантролю”, — падкрэсліў Харытончык.

Падзяліцца: