Паводле інфармацыі Лябедзькі, у дачыненні да яго вядуцца справы паводле шасці крымінальных артыкулаў

1 снежня, Позірк. Крымінальныя справы паводле шасці артыкулаў вядуцца ў дачыненні да дарадцы Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзькі.
Палітык паведаміў “Позірку“, што гаворка пра арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі, <…> здзейсненыя з выкарыстаннем СМІ ці інтэрнэту, <…> альбо якія пацягнулі цяжкія наступствы), ч. 1–3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, <…> паўторна, або групай асоб паводле папярэдняй змовы, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў), арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Лябедзька напісаў, што атрымаў “частковы доступ” да інфармацыі пра заведзеныя ў дачыненні да яго крымінальныя справы.
“Калі браць верхнюю планку, прадугледжанага кожным артыкулам тэрміна пакарання, то атрымліваецца… 77 гадоў. На практыцы такога не будзе, але ўяўленне пра апетыты і жаданні недапракурораў, недаследчых ёсць завершанымі, — адзначыў ён. — Што тут сказаць?! Ідэалагічныя і крэўныя спадчыннікі энкэвэдыстаў з 30-ых прыўзнялі века труны мінулага і маршыруюць па сённяшняй Беларусі. Размахваючы перад мільёнамі беларусаў карт-бланшам на ўседазволенасць і беспакаранасць”.
“Гэта самавольства скончыцца, у гэтым няма сумневаў. Але боль страт будзе адчувальным, а кошт выдаткаў высокім. А што тычыцца прававога боку гэтых таксічных спраў, то ў любым судзе любой еўрапейскай краіны я б распрануў да падштаннікаў усіх гэтых псеўдапракурораў, псеўдаследнікаў і ліпавых суддзяў з наступнай забаронай займацца прафесійнай дзейнасцю”, — дадаў палітык.
Пра пераслед у крымінальным парадку Лябедзька паведамляў яшчэ ў студзені 2022 года. Ён знаходзіцца за мяжой.
Сёлета 24 жніўня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў да 3,5 года пазбаўлення волі сына палітыка — Арцёма Лябедзьку, які быў абвінавачаны ў “фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання” (старая рэдакцыя арт. 3612 КК). Віну ён не прызнаў. Праваабаронцы лічаць мужчыну палітвязнем.

- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаЗа пяць гадоў плошча жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай, зменшылася ў 2,7 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваСябры памерлага археолага Эдварда Зайкоўскага плануюць выдаць яго манаграфію пра святыні БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ ліпені актыўнасць мігрантаў на польскай мяжы вырасла ў 3,6 раза, на літоўскай — у 2,4 (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 22 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства


