Мінск 11:51

“Вялікі камень” падпісаў мемарандум аб супрацоўніцтве з іранскім тэхнапаркам “Пардзіс”

Фота: industrialpark.by

5 снежня, Позірк. Адміністрацыі індустрыяльнага парку “Вялікі камень” і іранскага тэхналагічнага парку “Пардзіс” падпісалі 5 снежня ў Тэгеране мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы даследаванняў, тэхналогій і інавацый.

Адзначаецца, што “Пардзіс” уваходзіць у лік найбуйнейшых тэхнапаркаў у Паўднёва-Заходняй Азіі.

Раней прадстаўнікі “Вялікага каменя” прынялі ўдзел у выставе “Еўразія ЭКСПА” ў Тэгеране і правялі шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі міністэрстваў і прадстаўнікамі прадпрыемстваў Ірана.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень” размешчаны ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці на плошчы 112,5 кв. км са статусам асаблівай эканамічнай зоны. Парк размешчаны за 25 км ад Мінска. Пагадненне аб яго стварэнні было падпісанае ў 2011 годзе, у 2014-м пачалося будаўніцтва і быў зарэгістраваны першы рэзідэнт.

Парк з’явіўся ў выніку рэалізацыі кітайскага інфраструктурнага праекта “Адзін пояс, адзін шлях”, які стартаваў у 2013 годзе. Праект накіраваны на развіццё гандлёвых адносін КНР з краінамі Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Цяпер у ім у той ці іншай ступені ўдзельнічае больш за 60 дзяржаў.

Паводле звестак Мінэканомікі, з пачатку года ў “Вялікі камень” прыйшлі 22 новыя рэзідэнты з сумарным аб’ёмам заяўленых інвестыцый блізу 50 млн долараў. Усяго ў парку зарэгістравана 117 кампаній з 15 краін з аб’ёмам заяўленых інвестыцый каля 1,4 млрд долараў і планамі па стварэнні больш за 8 тыс. новых працоўных месцаў.

Падзяліцца: