Мінск 15:49

Генпракурор Швед: Нацызм з’яўляецца часткай дзяржпалітыкі ЗША і Еўрасаюза

Андрэй Швед
Архіўнае фота: Генпракуратура

7 снежня, Позірк. Вынікамі следства па крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны “пацвярджаецца тэза аб тым, што нацызм жывы”, заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед на канферэнцыі, прымеркаванай да 75-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі ААН аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго 7 снежня ў Мінску.

Анлайн-трансляцыю мерапрыемства правёў Нацыянальны прэс-цэнтр.

Нацызм, як сцвярджае Швед, “з’яўляецца ідэалагічнай платформай і часткай дзяржаўнай палітыкі ЗША і Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі”.

“Формы і метады нацыстаў сярэдзіны XX стагоддзя і сучаснасці фактычна засталіся адны і тыя ж”, — заявіў ён.

Беларусь, сказаў Швед, накіравала ў рамках крымінальнай справы 109 просьбаў аб аказанні прававой дапамогі ў дзясяткі дзяржаў, “у тым ліку аб допытах асоб, якія ўваходзілі ў склад падраздзяленняў СС і іншых карных батальёнаў”: “У большасці краін Захаду нашы просьбы праігнараваныя. А з Генеральнай пракуратуры Латвіі і Літвы паступілі адмовы”.

Такім чынам, на думку генпракурора, “палітычныя эліты гэтых і іншых дзяржаў фактычна дэманструюць прыхільнасць нацысцкай ідэалогіі”.

Ён таксама згадаў “незаконную дэпартацыю і акты гвалту” ў дачыненні да мігрантаў на ўсходняй мяжы ЕС.

“Гаворачы аб гэтых і іншых злачынствах улад Польшчы, Літвы і гэтак далей, мы не можам не канстатаваць, што па сутнасці гэта і ёсць нацызм, фашызм XXI стагоддзя”, — сказаў Швед.

Генпракурор таксама назваў бел-чырвона-белую сімволіку “ні чым іншым, як сімвалам нацызму і генацыду беларускага народа”.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пры гэтым пад беларускім народам “для мэт гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

Аб тым, што Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду, генпракурор Швед упершыню заявіў 9 красавіка 2021 года.

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: