Мінск 13:58

Беларусь мае намер развіваць стасункі з Сербіяй, дзе праходзяць пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў

Амбасадар Сяргей Маліноўскі і в.а. генсакратара МЗС Сербіі Сузана Башковіч-Прадановіч
Фота: Міністэрства замежных спраў Беларусі

26 снежня, Позірк. Амбасадар Беларусі Сяргей Маліноўскі 25 снежня ўручыў копіі даверчых грамат выканаўцы абавязкаў генеральнага сакратара МЗС Сербіі Сузане Бошкавіч-Праданавіч, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Адзначаецца, што бакі абмяняліся думкамі аб “актуальным стане і перспектывах двухбаковых стасункаў”, а таксама абмеркавалі пытанні “далейшага развіцця палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў іншых сферах”.

Маліноўскі і Бошковіч-Праданавіч “пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць і нацэленасць на паглыбленне беларуска-сербскіх сувязяў”.

17 снежня ў Сербіі адбыліся датэрміновыя выбары ў Народную скупшчыну, па афіцыйных выніках якіх ва ўладзе засталася кіруючая Сербская прагрэсіўная партыя (СПП). Апазіцыя абвінаваціла СПП і яе сузаснавальніка прэзідэнта краіны Аляксандра Вучыча ў фальсіфікацыях, у тым ліку шляхам укіду бюлетэняў і подкупу выбаршчыкаў. У краіне пачаліся пратэсты, дзясяткі чалавек затрыманыя.

Беларускія прапагандысцкія тэлеграм-каналы сталі заклікаць улады Сербіі пераняць рэпрэсіўны досвед афіцыйнага Мінска.

Падзяліцца: