Мінск 09:45

Кіраўніцы ЕП перададзена прапанова па санкцыях супраць датычных да рэпрэсій у Беларусі і выкарыстання працы вязняў

Старшыня Еўрапарламента Раберта Метсола (злева па цэнтры)
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

13 студзеня, Позірк. Шляхі па вызваленні беларускіх палітычных зняволеных абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы са старшынёй Еўрапейскага парламента (ЕП) Рабертай Метсола 13 студзеня ў Вільнюсе.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, кіраўніцы ЕП перададзеная прапанова “прыняць асобны санкцыйны пакет супраць асоб, датычных да рэпрэсій, а таксама супраць прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць прымусовую працу вязняў”. Адзначаецца, што “многія з гэтых прадпрыемстваў прадаюць сваю прадукцыю ў краіны Еўрасаюза”.

Ціханоўская папрасіла суразмоўцу “падтрымаць ідэю стварэння міжнароднага фонду падтрымкі сем’яў палітвязняў і рэабілітацыі тых, хто выйшаў з турмаў”, а таксама прапанавала ёй “узяць сімвалічнае шэфства” над адным з вязняў і “заклікаць іншых дэпутатаў далучацца да гэтай кампаніі”. 

Дэмлідар прапанавала правесці ў Еўрапарламенце “дыскусію па шляхах прыцягнення рэжыму да адказнасці з удзелам Аб’яднанага пераходнага кабінета, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, міжнародных экспертаў і палітыкаў”.

Бакі абмеркавалі “фармалізацыю стасункаў” паміж дэмсіламі і ЕП, “як ужо было зроблена з ЗША, Еўрапейскай камісіяй і Саветам Еўропы”.

У сваю чаргу Метсола “выказала падтрымку беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду”. Яна запрасіла Ціханоўскую паўдзельнічаць у саміце Еўрапейскай народнай партыі ў сакавіку ў Бухарэсце (Румынія), “каб зрабіць Беларусь адной з тэмаў падчас выбарчай кампаніі ў ЕП”.

У сустрэчы ўдзельнічалі некаторыя былыя вязні і родныя тых, хто яшчэ знаходзіцца ў зняволенні з палітычных матываў. Яны заклікалі Метсола “звярнуць увагу на сітуацыю з палітвязнямі, іх сем’ямі, прыкласці намаганні па вызваленні палітвязняў”.

Ціханоўская абмяркуе са спікерам Еўрапарламента Метсола стварэнне фонду падтрымкі палітвязняў

13 студзеня, Позірк. Ініцыятыву стварэння фонду падтрымкі палітвязняў абмяркуе дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская са спікерам Еўрапейскага парламента (ЕП) Рабертай Метсола, паведамляе "Парламенцкі канал" са спасылкай на дарадцу беларускага палітыка па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзьку. Паводле яго інфармацыі, сустрэча адбудзецца …
Падзяліцца: