Мінск 08:44

Больш за 250 крымінальных спраў заведзена ў Літве за парушэнне санкцый супраць Расіі і Беларусі

25 студзеня, Позірк. Больш за 250 крымінальных спраў заведзена ў Літве за парушэнне санкцый супраць Расіі і Беларусі, паведамляе Delfi са спасылкай на намесніка гендырэктара па мытных пытаннях Службы дзяржаўных даходаў (СГД) Літвы Райманда Зукулса.

У тым ліку ў 2023 годзе пачаты 144 крымінальныя працэсы, у 2022 годзе — 114.

Паводле слоў Зукулса, найбольш папулярныя санкцыйныя тавары, якія спрабуюць вывезці з Літвы, — гэта электраабсталяванне, сеткавае абсталяванне, аўтазапчасткі, прадметы раскошы. З Расіі і Беларусі спрабуюць прывезці ў Літву вырабы з драўніны, паліва, кармы і вырабы з металу.

Літоўскі чыноўнік прывёў прыклад: пры вывазе з Расіі і Беларусі фанеры санкцыі спрабуюць абысці, змяніўшы краіну паходжання тавару — паказваюць, што тавар зроблены ў Казахстане ці Турцыі. Таксама змяняецца мытны код тавара.

Зукулс адзначыў, што з пачатку вайны Расіі супраць Украіны назіраецца зніжэнне кантрабанды ў сілу ўзмоцненай абаронай знешняй мяжы ЕС. Аднак “аб’ёмы кантрабанды значныя — летась мытня канфіскавала 7,6 млн кантрабандных цыгарэт”. У асноўным іх знаходзяць у чыгуначным транспарце на мяжы з Беларуссю, сказаў Зукулс.

11 студзеня міністры замежных спраў Літвы Габрыэль Ландсбергіс і Польшчы Радаслаў Сікорскі абмеркавалі змену сітуацыі з бяспекай у Еўропе, абароннае супрацоўніцтва ў рэгіёне, падтрымку Украіны і ўзмацненне санкцый супраць Расіі і Беларусі.

Кіраўнік МЗС Літвы паслядоўна выступае за ўзмацненне санкцый у дачыненні да Беларусі. Так 16 кастрычніка ён заявіў на сустрэчы з кіраўніком МЗС Латвіі Крыш’янісам Карыньшам, што Вільнюс і Рыга павінны і надалей узмацняць санкцыйны ціск на Расію і Беларусь.

Беларускія дэмсілы просяць Захад аб узмацненні санкцый у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і закрыцця шчылін для іх абыходу, а таксама ўзбуджэння крымінальных спраў у дачыненні да вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі.

Падзяліцца: