Мінск 22:52

Лукашэнка прапанаваў Додзіку беларускія тэхналогіі і запэўніў у падтрымцы

Міларад Додзік на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам
Фота: president.gov.by

19 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 19 лютага з прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай Міларадам Додзікам.

“Вітаю вашу працу тут. Вы павінны ведаць галоўнае: калі вам падыходзіць нешта ў Беларусі ў плане тэхналогій і іншых пытанняў у сельскай гаспадарцы, у прамысловасці, ахове здароўя, — мы заўсёды рады аказаць вам дапамогу і падтрымку”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Лукашэнка зазначыў, што ў Беларусі “ўважліва назіраюць за сітуацыяй на Балканах”: “Маё стаўленне вы добра ведаеце. Па ўсіх выпадках і пытаннях, якія існуюць, і тым падзеям, якія адбыліся ў сяброўскай нам Югаславіі. Калі яе проста расчлянілі на часткі. Ведаеце маю пазіцыю, стаўленне да вас у самыя цяжкія часы. Я маю на ўвазе Сербію, калі яна падвяргалася бамбардзіроўкам (у 1999 годзе. — “Позірк”.). Ведаем, што вам тамака часам няпроста, але вы мужна ваюеце. Мы гэта вітаем”.

“Толькі мужнасць і стойкасць, і сіла сёння, на жаль, могуць вызначыць будучыню той ці іншай краіны, вобласці, раёна, тэрыторыі. Думаю, што вы ўстойліва трымаецеся там, прадстаўляючы інтарэсы праваслаўных людзей і людзей, якія давяраюць і вераць вам. Мы ў гэтым плане на вашым баку. І вы на нас можаце разлічваць. Словам, вы прыехалі да сваіх сяброў”, — сказаў ён.

Додзік у сваю чаргу заявіў Лукашэнку, што ўспрымае яго як сябра сербскага народа, “больш сказаць — брата”: “Нягледзячы на ўсе выклікі, наша сяброўства працягваецца. Я ведаю, што і ваша краіна таксама пад ціскам і санкцыямі Захаду. Мы ў Рэспубліцы Сербскай не дазволілі, каб Боснія і Герцагавіна галасавала за санкцыі. Вядома, нам нялёгка было адолець ціск і Бруселя, і Вашынгтона. Але мы засталіся паслядоўнымі ў сваім рашэнні. Усё кіраўніцтва Рэспублікі Сербскай зараз пад брытанскімі і амерыканскімі санкцыямі”.

Додзік знаходзіцца з візітам у Мінску з 18 лютага. Ён сустрэўся з міністрамі замежных спраў Сяргеем Алейнікам і аховы здароўя Аляксандрам Хаджаевым, старшынёй камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ігарам Юркевічам, наведаў прадпрыемства “Белкамунмаш”, дзе заявіў аб зацікаўленасці ў беларускай пасажырскай і сельгастэхніцы.

64-гадовы Додзік стаў прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай па выніках выбараў 2022 года. Займаў гэтую пасаду ў 2010–2018 гадах.

Палітык не хавае сімпатый да Расіі. “Додзік ужо адкрыта пазіцыянуе сябе як агента ўплыву Пуціна ў балканскім рэгіёне і падключыўся да геапалітычнай сутычкі, якая ў дадзены момант скалынае Еўропу. У гэтым ён шмат у чым перасягнуў прэзідэнта Сербіі Вучыча, які ўсяляк імкнецца не ўступаць у канфлікт з ЗША, ЕC і НАТО. Додзік займае галоўныя функцыі ў Рэспубліцы Сербскай з 2006 года.

У снежні 2023 года ў Сараеве пачаўся судовы працэс супраць Додзіка, якога абвінавачваюць у ігнараванні рашэнняў Канстытуцыйнага суда Босніі і Герцагавіны і высокага прадстаўніка сусветнай супольнасці, які выконвае ў краіне функцыі знешняга кіраўніка. Яму пагражае да 5 год зняволення і забарона займацца палітыкай. У аснове справы — блакаванне цэнтральнымі ўладамі БіГ і высокім прадстаўніком планаў Рэспублікі Сербскай перавесці ў сваю ўласнасць усю нерухомую маёмасць, якая знаходзіцца на яе тэрыторыі.

У выпадку абвінаваўчага прысуду Додзік паабяцаў абвясціць незалежнасць Рэспублікі Сербскай ад БіГ.

Рэспубліка Сербская — аўтаномія ў складзе Босніі і Герцагавіны. Створана ў 1992 годзе як самаабвешчаная дзяржава, стала састаўной часткай БіГ па выніках Дэйтанскіх пагадненняў 1995 года.

Падзяліцца: